7 год пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму далі двум анархістам


Псаванне маёмасці групай асобаў па папярэдняй змове і незаконныя дзеянні з гаручымі рэчывамі. У гэтым суд Савецкага раёну прызнаў вінаватымі дзевятнаццацігадовых Івана Комара і Мікіту Емяльянава. Як вынік – кожнаму па сем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Столькі ж патрабаваў пракурор.

«Узнікаюць пытанні, ці можна іх разглядаць як палітычных зняволеных: пры наяўнасці яўных палітычных матываў, пазбаўленне волі – відавочна несуразмернае таму, што яны здзейснілі», – кажа праваабронца Вікторыя Фёдарава.

Комара і Емяльянава прызналі вінаватымі паводле некалькіх эпізодаў. Сярод іх – пашкоджанне кактэйлем Молатава ізалятару на Валадарскага і пашкоджанне лямпачкамі з фарбаю будынку гарадскога суда. Міліцыя затрымала абодвух маладзёнаў летась 20 кастрычніка. Мікіта Емяльянаў прызнаў, што кідаў гаручыя рэчывы на знак салідарнасці з палітзняволенымі. Ён запэўніў, што другі падсудны, Іван Комар, мусіў толькі набыць кампаненты для кактэйлю Молатава.

«Хлопцы дазволілі сабе, і гэтага суддзя не адмаўляў, праявіць сваю палітычную пазіцыю, яны змагаліся за палітзняволеных. І гэта такая цырыманіяльная расправа, кара», – кажа анархіст Вячаслаў Касінераў.

Падчас суда Іван Комар заяўляў пра ціск з боку сілавікоў.

«Суд ніяк не адрэагаваў на гэта, не прызначыў праверкі, не пацікавіўся, ці праводзілася нейкая праверка падчас следства. Увогуле цалкам праігнараваў заяву аб катаваннях, і ў аснову прысуду ён паклаў яўку з павіннай, якая была напісаная фактычна пад ціскам і пад катаваннямі», – кажа Вікторыя Фёдарава.

Усю нанесеную шкоду, а гэта 144 рублі, асуджаныя ўжо аплацілі. Абодва збіраюцца абскарджваць вырак.

Наста Кахановіч belsat.eu