58-ы дзень пратэстаў


Беларусь — па-ранейшаму краіна стабільнасці. Ужо 8 тыдняў штонядзелю беларусы стабільна пратэстуюць. І гэтыя пратэсты таксама стабільныя: яны і не сціхаюць і не ўзмацняюцца. Пасля кожнай пратэставай нядзелі сваякі ды сябры затрыманых ідуць спачатку ў РАУСы.

«Амаль нікога не адпусцілі, толькі адну жанчыну, у якой было дзіця з анкалогіяй. І то яе валанцёры проста вырвалі. Усіх перагрузілі ў аўтазак — частку перавезлі ў Жодзіна, нашых павезлі сюды», — распавядае Вера Пачобут, жонка вязня Акрэсціна.

У ізалятар на Акрэсціна, дзе стабільна сваякі ды сябры затрыманых не могуць даведацца пра лёс сваіх блізкіх.

«Бянтэжыць тое, што зусім ніякай інфармацыі. Зусім розная інфармацыя: накіроўваюць у розныя РАУСы, па судах, а нічога не даб’ешся, атрымліваецца», — дзеліцца Аляксандр Дрозд, зяць вязня Акрэсціна.

А цяпер будзе яшчэ складаней: валанцёры, якія дапамагалі ў пошуку звестак, больш не будуць працаваць ля Акрэсціна.

«Мы прыехалі сюды а 9: валанцёраў не было і, падобна, не будзе. Гэта вельмі смутна, таму што людзям няма дзе папрасіць дапамогі», — распавядае Вера Пачобут.

Смутна і таму, што сёння адмовіліся прымаць якія-кольвек перадачы для затрыманых.

«У спісах на судзе ўжо содні далі, а тут кажуць — нічога не ведаем, перадачу толькі заўтра. А хлопцы ў такіх лёгкіх рэчах, і абсалютна нічога нельга перадаць», — хвалюецца за сваіх сяброў Юлія Говар.

Пазней на дзвярах ізалятару з’явілася ўдакладненне: у краіне — каронавірус, таму перадачы будуць прымаць толькі па чацвяргах. Напярэдадні затрымлівалі не толькі ўдзельнікаў учорашняй акцыі, але нават першага паслявыбарчага пратэсту.

«Прыехалі дахаты з вобшукам, з тлумачэннем пракурора на падставе нейкай тлумачальнай запіскі, абшукалі ўсю кватэру, пасля чаго сказалі праехаць у аддзяленне маёй маці і майму брату», — распавядае Алена Адуенка, сястра вязня.

На наступны дзень — экспрэс-суд праз «Скайп» і пастанова, як кажа Алена, без выслухоўвання аргументаў затрыманага:

«Адразу абвінавачванне. Неразуменне, злосць, мы ўсе ў шоку. Усе сябры, усе знаёмыя. Дагэтуль быў недавер, цяпер жа проста я вельмі незадаволеная сітуацыяй у краіне і адкрыта заяўляю, што я супраць цяперашніх уладаў».

Разгонамі ды затрыманнямі ўлады спрабуюць збіць пратэставыя настроі. Але ці атрымліваецца?

«Не думаю, што пратэсты сціхнуць, таму што ёсць пэўнае ядро, гэта ядро актыўнае, яно атрымала пэўную палітычную звычку, пэўную палітычную волю, таму зусім знікнення канфліктаў не будзе», — мяркуе палітолаг Вольга Харламава.

Але ці доўга змогуць у такіх варунках улады вытрымліваць народнае супрацьстаянне?

«Улады трываюць, паколькі яны ходзяць на працу. Сілавікі і надалей будуць выходзіць на сваю працу, яны не стомяцца разганяць. Іхная параза можа адбыцца па іншых прычынах», — кажа Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік.

Эксперты лічаць, што пераламаць сітуацыю на карысць пратэстоўцаў маглі б масавыя страйкі на прадпрыемствах. Але і ўлады маюць яшчэ магчымасці для манеўру — наабяцаць ці то канстытуцыйную рэформу, ці то новыя выбары ў неакрэсленай будучыні.

Вольга Старасціна, «Белсат»