500 вольных кватэраў улады не аддаюць людзям


Мільён рублёў за тры гады. Гэткая сума была выдаткаваная з гарадскога бюджэту Менску на аплату незанятых кватэраў, што знаходзяцца на балансе выканкаму. Інфармацыю паведаміла газета «СБ: Беларусь сегодня» са спасылкай на камітэт Дзяржаўнага кантролю.

Забудоўнікі вось такіх дамоў перадаюць гораду частку кватэраў. Але навасёлаў гэтае жыллё, здараецца, чакае не адзін год.

Пустыя кватэры ў сталіцы назапашваюцца ўжо восьмы год. А некаторыя чакаюць гаспадароў і па 12 гадоў. Новых пустых кватэраў у Менску больш за паўтысячы – забудоўнікі трымаюць іх для жыхароў зруйнаваных дамоў, больш за трыста – гэтак званага другаснага рынку, дзясяткі чакаюць рамонту ці перабываюць у падменным фондзе. Менчукі, мякка кажучы, не ў захапленні:

«Ну што на гэта можна сказаць? Гэта не справядліва, гэта не чэсна».

«Бардак, як і шмат у якіх іншых рэчах. Куча інтэрнатаў пустых, а студэнтаў не засяляюць. Ведаю дакладныя сітуацыі».

«Чакаюць найлепшых часоў або павышэння курсу долара».

«Жыллёвая праблема – гэта найважнейшая праблема любой дзяржавы і любога кіраўніка. Таму трэба, каб усё было заселенае, каб людзі жылі, каб не мучыліся».

«Трэба раздаць гэтыя кватэры тым, хто мае патрэбу: дзецям, якія выходзяць з дзіцячага дому, шматдзетным сем’ям, дапамагчы людзям, якія не маюць грошай, якія за рысаю беднасці жывуць».

Толькі за апошнія тры гады па ім назбіралася камунальных плацяжоў на мільён рублёў. Яшчэ мільён і 200 тысячаў – запазычанасць за пустыя кватэры. А здавалася б – маглі быць прададзеныя ці прынамсі выстаўленыя ў арэнду.

«Сапраўды да працы Менгарвыканкаму ў менчукоў ёсць шмат пытанняў. І добра, што гэтыя пытанні ўзнікаюць у кантрольных структураў. Але ці з таго боку да Менгарвыканкаму падыходзяць кантралёры?» – кажа Віктар Янчурэвіч, памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў.

Новыя кватэры гадамі чакаюць перадусім жыхароў прыватных жылых дамоў, якія яшчэ толькі ў планах на руйнаванне. То бок кожны забудоўнік фактычна аддае адсотак новых кватэраў у доме – Менгарвыканкаму. А тыя – стаяць гадамі, збіраюць даўгі і з часам ужо патрабуюць рамонту.

«Для таго, каб заахвоціць людзей пераязджаць у такія кватэры, можна ўводзіць паніжальныя каэфіцыенты арэнды. Або, каб гэтая арэндавая плата была адную базавую велічыню на пэўны тэрмін – з разліку таго, колькі трэба ўкласці ў яе рамонт. Даць грамадзянам зрабіць гэты рамонт самастойна, але плаціць некаторы час арэндавую плату», – працягвае Віктар Янчурэвіч.

Папярэдні кіраўнік сталіцы Андрэй Шорац справы з месца не зрушыў. Ці будзе больш гаспадарлівай новая адміністрацыя невядома. Але адмыслоўцы мяркуюць, што новыя выкрывальніцтвы хібаў на дзяржаўным узроўні азначаюць, што перадвыбарчая кампанія ўжо распачалася.

Галіна Абакунчык, belsat.eu

Hавiны
Менгарвыканкам бясплатна атрымаў ад забудоўнікаў больш за 500 кватэраў, але не засяляе туды людзей
2018.12.07 15:26