500 долараў заробку не для ўсіх


Настаўнікі, дактары, бухгалтары, сацыяльныя работнікі… іхныя прафесіі надзвычай важныя, але ўсцяж не найбольш аплатныя. Можа, цяпер нешта зменіцца? У Міністэрстве працы прыдумалі новую схему аплаты працы бюджэтнікаў: тарыфную стаўку 1-га разраду заменяць базаваю стаўкай, якую плануюць павялічыць да бюджэту пражыткавага мінімуму. Аднак незалежныя эксперты поўныя скепсісу.

«Мы бачым спробу нешта мяняць, прынцыпова нічога не мяняючы», – лічыць Аляксандр Ярашук, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

Можа, дзякуючы новай схеме разлікаў павысяцца заробкі? Таксама не, бо рэформа гэтага не прадугледжвае. Чыноўнікі спадзяюцца, што сярэдні заробак бюджэтнікаў у параўнанні з мінулагоднім вырасце… на 10 рублёў.

«Рост заробкаў на 10 рублёў можна было ставіць і пры той сістэме, якая ёсць, і якая была, і пры новай сістэме», – працягвае Аляксандр Ярашук, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

Дык дзеля чаго ўводзяць новую схему аплаты працы?

«Гэтая рэформа накіраваная перадусім на спрашчэнне бюракратычных працэдураў пры разліку заробкаў бюджэтнікаў, каб чыноўнікі мусілі вылічваць менш розных каэфіцыентаў, каб у іх было менш працы», – кажа Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату».

Заробак не зменіцца, але плануюць змяніць яго складнікі. Калі раней бюджэтнікі атрымлівалі аклад плюс прэмію, то ўжо летась гэта падкарэктавалі: шмат дзе прэміі забралі і дадалі іх у аклады, такім чынам статыстычна заробкі павысіліся. Цяпер жа гэта замацуюць на паперы.

«Гэта павінна скараціць магчымасці кіраўніцтва маніпуляваць заробкамі сваіх падначаленых пры дапамозе гэтых прэміяў і надбавак», – адзначае Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»..

Хоць і кажуць, што беларусы – прыхільнікі стабільнасці, але, падобна, жыхары краіны чакаюць ад Міністэрства працы не касметычных, а грунтоўных зменаў і на рынку працы, і ў заробках.

«Працоўныя месцы заўсёды патрэбныя, і лепш, каб іх было лішку трохі, цяпер недахоп».

«Заробкі нізкія адносна коштаў тавараў, якія на паліцах крамаў дый увогуле паўсюль».

«Мала таго што заробкі плаціць, дык і пенсію хацелася б адэкватную, каб падтрыманне на дзяцей людзі добрае атрымлівалі».

«Нічога ў нас не будзе толку, пакуль не будзе гаспадар».

Няма гаспадароў на прадпрыемствах, затое ёсць галоўны гаспадар у краіне, якога чакаюць прэзідэнцкія выбары, што маюць адбыцца сёлета ці налета. Але і ў сувязі з гэтаю падзеяй чакаць ад уладаў «перадвыбарчай кілбасы» не варта, мяркуюць адмыслоўцы.

«Сёння сітуацыі іншая, канечне, сродкаў на тое, каб істотна павышаць заробкі, няма. Я думаю, хутчэй за ўсё, пытанне ў перадвыбарчы ды выбарчы год будзе ставіцца такое, каб яны істотна не зніжаліся», – падсумоўвае Аляксандр Ярашук, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

Што заробкі не знізяцца ў 2020-ым годзе, калі набудзе моц рэформа, абяцаюць і чыноўнікі.

Вольга Старасціна, «Белсат»