Аб'ектыў 28.08.2019 500 долараў? Гэтыя людзі мараць пра 500 рублёў


Працаўнікі амаль шасцісот прадпрыемстваў з дзяржаўнаю доляю ўласнасці не зарабляюць і пяцісот рублёў на месяц, паведаміў віцэ-прэм’ер Аляксандр Турчын. Аднак запэўніў, што пытанне вырашальнае.

За паказнік сярэдняга заробку ў пяцьсот долараў Лукашэнка «здзірае шкуры» з чыноўнікаў ужо 11 гадоў.

«Адкапайце, знайдзіце, зрабіце што заўгодна, але $ 500 мусіце выканаць», – казаў кіраўнік Беларусі калісьці.

У 2015-м стаўка ўздымалася да тысячы долараў, летась пераразлічылася ў Br 1000, што ў эквіваленце складае тыя ж $ 500 долараў.

Але спачатку трэба дайсці да Br 500. Заробак працаўнікоў 1/6 часткі дзяржпрадпрыемстваў да гэтай сумы не дацягвае, прызнаў віцэ-прэм’ер Аляксандр Турчын.

«Мы будзем прымаць усе захады, каб гэтыя прадпрыемствы выйшлі на нармальны ўзровень заработнай платы», – заявіў Турчын.

Апроч тых «каля 600» маем 28 дзяржаўных арганізацыяў, рабочым якіх не налічваюць і Br 400 за месяц. На пачатку года іх было ў дзесяць разоў больш, абнадзейвае віцэ-прэмʼер.

Заробкі маюць павышацца за кошт росту вытворчасці працы, наказваў напярэдадні Аляксандр Лукашэнка. Як гэта зрабіць, калі 2/3 айчынных прадпрыемстваў – стратныя ці нерэнтабельныя?

«Вось такая кансервацыя старых прадпрыемстваў шляхам напампавання грашыма падаткаплатнікаў – гэта марнаванне грошаў. Таму замест размаўляць з нейкімі чыноўнікамі, трэба вырашыць раз і на заўсёды – што прадпрыемствам з такою вытворчасцю працы не месца ў эканоміцы Беларусі», – кажа Яраслаў Раманчук з Навукова-даследчага цэнтру Мізэса.

План прыватызацыі эксперт сёлета абмяркоўваў з кіраўніком краіны.

«Чакай рэвалюцыі! Я ведаю як дзеляць уласнасць, як цягам содняў вырашаюць! Так, у Беларусі так ёсць, што ты куска зямлі без прэзідэнта не атрымаеш», – адказаў яму Лукашэнка.

А таму – наперад без структурных рэформаў.

«Нідзе вакол нас, у больш паспяховых і менш паспяховых краінах ніхто не ставіць мэтаў тыпу «усім па $ 500 ці па $ 1000». Гэта задача працадаўцаў і працоўных, якія мусяць быць арганізаваныя ў прафсаюзы, каб адстойваць свае правы», – кажа Аляксандр Ярашук з Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Урад і Мінпрацы у дуэце будуць ісці старым шляхам. Да канца года абяцаюць выцягнуць слабейшых за планку Br 500.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары