Украіна святкуе Новы год ва ўмовах ваеннага стану


Ва ўсёй Украіне апроч Закарпацця дзее каменданцкая гадзіна, на навагоднюю ноч у некаторых рэгіёнах яе скарачаюць, але не адмяняюць. Да канца вайны па ўсёй краіне забароненае выкарыстанне піратэхнікі. Але нягледзячы на адключэнні святла, паветраныя трывогі і абстрэлы новы год набліжаецца. Як яго сустракаюць у прыфрантавым мястэчку і ў войску?

Украінскае паселішча Нью-Ёрк на Данеччыне стаіць непадалёк лініі фронту. Тут увесь час чуюцца выбухі, няма ацяплення і газу, але крамы працуюць, хоць праз інтэнсіўныя абстрэлы ўсё менш пастаўляльнікаў прывозяць сюды тавары. Штосьці можна набыць і на кірмашы, у тым ліку і на святочны стол.

«Рыбка, каўбаска, што яшчэ тут – яйкі, маянэз, курачка ў нас дома свая ёсць», – пералічвае набытае жыхарка Нью-Ёрку Раіса Брычок.

У грамадзе, да якой належыць Нью-Ёрк, летась было амаль 70 тысячаў жыхароў. Цяпер – 16 тысячаў. Тыя, хто застаўся, збіраюцца святкаваць нягледзячы на тое, што настрой зусім не святочны.

«Жывем не тое што адным днём – адной хвілінай».

«Калі ўнук тут быў – было каму павесіць гірлянду, цацкі нейкія, тады ўпрыгожвалі, а цяпер ужо…»

«Рыхтуемся да свята, да Новага года, каб ствараўся святочны настрой нягледзячы на ўсе страты», – кажуць жыхары Нью-Ёрку.

А вось святочны настрой для вайскоўцаў, якія цяпер на перадавой, далёка ад дому, ствараюць добраахвотнікі па ўсёй Украіне. Дзясяткі валанцёраў удзельнічаюць у акцыі «Салат для салдат». Бо што нагадвае пра навагоднюю хатнюю ўтульнасць лепш за мандарынкі ды традыцыйную страву – аліўе?

«У кожнага свая зона адказнасці, кожны штосьці робіць, працэс добра арганізаваны і будзе добры аліўе. На гэтую хвіліну 150 кг агуркоў, здаецца, каля тоны каўбасы, але ўсё яшчэ наперадзе», – кажа валанцёрка Валянціна.

Акцыя падтрымання ўкраінскіх вайскоўцаў у зімовыя святы дзее ўжо дзявяты год – з 2014-га, калі Расея анексавала Крым і распачала ўзброены канфлікт на Данбасе.

«Бо я ездзіў да хлопцаў на фронт. І там я зразумеў, што на Новы год маё месца – там. І каб не ехаць з пустымі рукамі, мы і распачалі гэтую традыцыю», – распавядае арганізатар акцыі Юрый Тыра, які мае пазыўны «Сцяпанавіч».

Спрычыняюцца да добрай справы абсалютна розныя людзі. Першыя навагоднія салаты ў 2014-м рабілі акурат удома ў Юрыя Тыры. Спартовец і дэпутат Васіль Вірасцюк узгадвае:

«Хто што мог прынесці, той прынёс, хто каўбасу, хто яйкі, хто гародніну. Усе там стаялі на летняй кухні і наразалі. З таго часу пайшла традыцыя, кожны год Сцяпанавіч намагаецца зрабіць усё больш салату аліўе».

Летась для ўкраінскіх вайскоўцаў валанцёры падрыхтавалі больш за сем тонаў салату, сёлета – 10 тонаў. На кожным вядзерцы – налепкі з віншаваннямі, у тым ліку ад Уладзіміра Зяленскага і Валерыя Залужнага.

«Асноўная маса байцоў цяпер на фронце, таму прабачце за наяўнасць аднаго чалавека. Дзякуй Сцяпанавічу, дзякуй валанцёрам за цудоўныя мандарыны і цудоўны аліўе. Сёння будзем калаціць і есці пад Новы год», – кажа вайсковец Уладзімір, сустракаючы перадачу.

У тым, што новы год будзе пераможным для Украіны, перакананыя і вайскоўцы і валанцёры.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»