Ці будуць беларусы ваяваць з Украінай?


Прэзідэнты Расеі Уладзімір Пуцін і ЗША Джо Байдэн правялі тэлефонную размову. Прадмет абмеркавання ўльтыматум Масквы да Вашынгтона і НАТО. Крэмль патрабуе спыніць прасоўванне альянсу на Усход. У выпадку ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну Байдэн зноў прыгразіў беспрэцэдэнтным санкцыямі. Пуцін паабяцаў разарваць адносіны з Захадам, калі той заступіцца за Украіну. Якую пазіцыю зойме Менск у выпадку абвастрэння расейска-ўкраінскага канфлікту?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тэлефонная размова прэзідэнтаў Расеі і ЗША доўжылася каля гадзіны. Ініцыятарам яе выступіў Уладзімір Пуцін.

«Прэзідэнт Байдэн выразна заявіў аб тым, што ЗША не маюць намеру размяшчаць на Украіне ўдарнае наступальнае ўзбраенне», – расказвае памочнік прэзідэнта Расеі Юрый Ушакоў.

Калі Расея працягне нагнятаць канфлікт з Украінай, Захад адкажа беспрэцэдэнтнымі санкцыямі, папярэдзіў Джо Байдэн. Пуцін прыгразіў разрывам дачыненняў. Перамовы міжведамасных дэлегацый Расеі і ЗША пройдуць 10-га студзеня ў Жэневе.

«Расея ўжо дэ-факта стала дастаткова пасрэднай, рэгіянальнай краінай. А вось у Крамлі з гэтым не могуць змірыцца, таму, кажучы жаргоннай мовай, кідаюць «панты», выкочваюць «прад’явы» Вашынгтону і блоку НАТО», – падкрэсліў палітычны Аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Дачыненні паміж Масквой і Захадам прыкметна абвастрыліся пасля перакідання да мяжы з Украінай да ста тысяч расейскіх вайскоўцаў. Захад асцерагаецца расейскага ўварвання на ўкраінскую тэрыторыю. Сёлета Крэмль ужо другі раз сцягвае войскі да межаў суседняй дзяржавы.

Расследавальніцкая каманда «Конфлікт Інтэліджэнс Тым» лічыць, што дээскалацыі не назіраецца, і фіксуе скапленне расейскай тэхнікі ў новых і ўжо вядомых палявых лагерах уздоўж украінскае мяжы. А Міністэрства абароны Расеі паведамляе, што абсталёўвае новы палігон у Крыме. Аднак украінская Рада нацыянальнай бяспекі і абароны заяўляе, што пагрозы не бачыць.

«Нашыя спецыялісты гавораць, што глабальнага ўварвання на тэрыторыю нашай краіны Расея на сённяшні дзень здзейсніць не можа», – падкрэсліў сакратар РНБА Украіны Аляксей Данілаў.

Аляксандр Лукашэнка, які неаднаразова заяўляў, што гатовы памерці за Маскву, сцвярджае, што Беларусь нельга разглядаць у адрыве ад таго, што адбываецца ў суседніх краінах. Ён нават папрасіў Пуціна правесці супольныя вучэнні.

Палітолаг Валерый Карбалевіч дапускае, што ў выпадку ўзброенага сутыкнення Расеі і Украіны беларускія ўзброеныя сілы так ці іначай возьмуць у ім удзел: «Я думаю, што беларускія войскі не стануць пераходзіць беларуска-ўкраінскую мяжу. Нейкія іншыя дзеянні магчымыя – магчыма, стральба з беларускай тэрыторыі, асабліва, калі адтуль будзе стральба. Такое я не выключаю».

На думку палітолага, Расея можа выкарыстоўваць беларускія аэрадромы, але вось шырокамаштабны наступ з тэрыторыі Беларусі малаверагодны. Гэтаму перашкаджаюць балоты на ўкраінска-беларускай мяжы.

Антон Каменскі, «Белсат»