Новы год пачнецца ад Самоа


Адныя з першых у свеце, як звычайна, сустрэлі новы год новазеландцы. Замест традыцыйнага феерверку, адмененага праз COVID, пачатак 2022-га адзначылі светлавым шоу на мосце праз гавань і на тэлевежы «Скай Таўэр» у самым буйным горадзе краіны Оўклэндзе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Але першыя Новы год сустракаюць не ў Новай Зеландыі. Жыхары акіянскіх выспаў Самоа і Кірыбаці адкаркавалі шампанскае яшчэ восем гадзінаў таму. Святкаванне Новага года першымі ў свеце – такое было адно з перадвыбарчых абяцанняў кандыдата на прэзідэнты Кірыбаці амаль дваццаць гадоў таму.

Першы – сямейны – феерверк у аўстралійскім Сіднэі запусцілі а дзявятай вечара, для таго, каб дзеці не мусілі чакаць поўначы.

А каб паглядзець на слынны навагодні феерверк Сіднэю, светлавое шоу з выкарыстаннем больш як 80-ці тысячаў адзінак піратэхнікі, месцы для назірання ахвотныя занялі яшчэ раніцай.

«Насамрэч мы думаем, што гэта ідэальнае месца. Адсюль відаць мост, сіднэйскую гавань і оперны тэатр. Мы вырашылі прыехаць вельмі рана, каб быць пэўнымі, што зоймем найлепшыя месцы. Мы зрабілі гэта, і мы вельмі шчаслівыя», – кажа наведнік свята.

У Аўстраліі фіксуюць пік пандэміі каронавіруса, а Сіднэй найбольш з аўстралійскіх гарадоў пацярпеў ад хвалі о-мікрону, але кіраўнік штату Новы Паўднёвы Ўэльс заахвоціў цешыцца святам пасля леташніх абмежаванняў.

Кітайцы новы год, як звычайна, адзначаць двойчы. Першага лютага распачнецца 4720-ты, ці Год вадзянога тыгра, а 2022 год яны сустракаюць разам з усёй планетай.

У шэрагу краінаў Новы год звязаны з дадатковымі абмежаваннямі. Так, улады Парыжу ўвялі масачны рэжым на адкрытым паветры і адмянілі традыцыйны феерверк на авеню дэ Шанз-Элізэ. Не будзе і феерверку ў цэнтры Лондану. У Нью-Ёрку дазволеную колькасць наведнікаў на пляцы Таймз-Скўэр скарацілі ў чатыры разы.

А ў Мадрыдзе, дзе яшчэ чакаюць надыходу новага года, рэпетыцыя адбылася ўжо ўчора. Яе зладзілі, каб спраўдзіць працу гадзінніка і захады бяспекі перад сапраўдным святкаваннем.

«Хоць ёсць абмежаванні, бо існуе кантроль доступу і прапускная здольнасць, але мы насамрэч не хацелі прапусціць гэтай імпрэзы».

«Мы пастараемся атрымаць ад гэтага як мага больш задавальнення, хоць і з вялікай асцярожнасцю. Мы маем толькі адно жыццё», – кажуць удзельнікі.

Бой гадзінніка, дыстанцыя і маскі – усё сапраўднае. І толькі замест традыцыйных вінаградзінаў, што з’ядаюцца пад адлік часу, – цукеркі.

Менш як праз пяць гадзінаў да Іспаніі дойдзе сапраўдны новы год. Завершыцца ж святкаванне, абышоўшы праз Еўропу і абедзве Амерыкі ўсю планету, зноў на Самоа, толькі ў іншай яго частцы – усходняй.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»