Гэлаўін у Беларусі нясе асалоду альбо шкоду?


Гэлаўін сёння адзначаюць па ўсім свеце. Дзеці і дарослыя пераапранаюцца ў эфектныя касцюмы і весела бавяць час. Атмасфера свята звычайна змрочная і злавесная, але заўсёды не ўсур’ез. Ёсць адно выключэнне з гэтага правіла – Беларусь. Як жа ў нашай краіне адзначаюць Дзень усіх святых?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Асалода або шкода!» З такою жартаўліваю пагрозаю на Гэлаўін пераапранутыя дзеці традыцыйна збіраюць у суседзяў цукеркі. Дарослыя – гатуюць тэматычныя стравы, упрыгожваюць дамы ліхтарамі, выразанымі з гарбузоў, ладзяць вечарыны, глядзяць фільмы жаху ды шмат яшчэ як забаўляюцца ў канцы кастрычніка.

У Беларусі паляванне на ведзьмаў абвясціла Бондарава. У сваім стылі. Праўладная актывістка перамагла намер бабруйскай кавярні адсвяткаваць Гэлаўін, дамаглася, каб у сталічнай краме «Алмі» знялі святочнае афармленне, а з сайту «Пінскдрэву» прыбралі абвестку з прапановаю стварыць загадкавую атмасферу ў інтэр’еры.

Так Бондарава адрэагавала на публікацыю прадпрыемства: «Гэлаўін, шаноўны “Пінскдрэў”, забаронены да святкавання на тэрыторыі Беларусі, пра што ёсць адпаведныя распараджэнні: Адміністрацыі прэзідэнта ад 24 лістапада 2022 № 10/15/1-122 і Савету Міністраў № 05/105/714. Няўжо “Пінскдрэў” настолькі нахабны, што вырашыў перці супраць нашых уладаў?»

У Горадні сёлета святочную імпрэзу знайсці складана. Абласны выканкам разаслаў ліст з патрабаваннем адмяніць святкаванне ва ўстановах адукацыі, у доме культуры і ў памяшканнях, якія здаюць у арэнду. Бізнес змушалі прыбіраць афішы тэматычных сустрэчаў.

Празднование Хэллоуина в минском парке развлечений Дримлэнд
Ліхтары Джэка на агульнагарадскім Гэлаўіне ў парку Dreamland. Менск, Беларусь. 30 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

«Сённяшнія так званыя беларускія ўлады ва ўсім бачаць пагрозу для сябе саміх. Яны, канешне, не думаюць пра дзяцей у гэты момант. Яны думаюць толькі пра тое, каб людзі не заглядаліся на нейкія заходнія традыцыі, ці на захад увогуле», – кажа настаўніца Воля Павук.

Увагу на заходняе свята ўлады звярнулі яшчэ летась. Спачатку з ініцыятывы Бондаравай і «Белай Русі» тэматычную імпрэзу адмянілі ў моладзевым цэнтры «Горадня». Праз тры месяцы Савет Міністраў даў мясцовым выканаўчым камітэтам наступнае распараджэнне:

«Паступіў шэраг зваротаў адносна святкавання Гэлаўіна ва ўстановах адукацыі і культуры, які супярэчыць гістарычным, культурным і духоўным традыцыям і прапагандуе гвалт, агрэсію, асацыяльныя паводзіны дзяцей і моладзі. Прыміце вычарпальныя меры па недапушчэнні прапаганды і правядзенні мерапрыемстваў у дадзеных установах».

Цяпер улады распрацоўваюць канцэпцыю развіцця нацыянальнай культурнай прасторы. Адна з галоўных тэзаў – культурнае імпартазамяшчэнне. У дакуменце прапаноўваюць «адмовіцца ад замежных Гэлаўіна і Дня ўсіх закаханых». Замест іх чыноўнікі плануюць «замацаваць адзначэнне таго, што адлюстроўвае традыцыйныя каштоўнасці»: Дзень бацькі, Дзень маці, сельскагаспадарчыя святы.

«Ёсць святы дзяржаўныя, а ёсць святы душы і сэрца. Гэлаўін і Дзень святога Валянціна – з апошніх. Гэта святы супольных эмоцый, масавага адчування істотнай падзеі. Гэта тое, што нельга забараніць, гэта альбо ёсць, альбо яго няма. Таму, я думаю, што змаганне будзе бессэнсоўным», – упэўнены культуролаг Максім Жбанкоў.

І сапраўды, мы спыталі ў нашых гледачоў пра планы на гэтыя святочныя дні. 42 адсоткі сказалі, што яны будуць адзначаюць Гэлаўін. Большасць – 56 адсоткаў – гэтае свята ўвогуле не цікавіць. І толькі 2 адсоткі не будуць адзначаць Дзень усіх святых, бо асцерагаюцца наступстваў. Спрабуючы забараніць свята, ці маюць афіцыйныя ўлады, што прапанаваць узамен?

«Прапанаваць нешта акрамя вайны, разбору аўтаматаў і салдацкай афіцыйныя ўлады не могуць», – кажа Воля Павук.

І дадае: «Гэта тэндэнцыя на тое, каб дзеці былі адрэзаныя ад разнастайнасці гэтага свету. Каб яны бачылі толькі адзін бок: Расею ці Беларусь. Гэта рэалізуецца не толькі праз Гэлаўін, але праз усю сістэму адукацыі».

У Расеі святкаванне Гэлаўіну ўлады гэтаксама не вітаюць. У адной з мясцовых школаў яго прапаноўваюць замяніць на Гарбузовы спас. Ідэю падмяніць нібыта сатанісцкае замежнае свята падхапіў і беларускі прапагандыст Андрэй Мукавозчык, а таму нядаўна створаная расейская альтэрнатыва мае шанец перакачаваць і ў Беларусь.

Аляксандр Асколаў, «Белсат»