Вадзім Мажэйка: мэтай ператрусаў у папраўчых установах з'яўляецца запалохванне


ГУБАЗіК, АМАП і КДБ правялі зачыстку сярод палітычных вязняў, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых установах адкрытага тыпу, то бок на так званай «хіміі». Паводле інфармацыі праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, пасля пільнага правярання тэлефонаў, некаторых зняволеных затрымалі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Кагосьці забралі, напрыклад, як з Пружанаў забралі Аляксандра Січко, КДБ, і нават у кайданках везлі. Астатніх забіралі проста ў бусікі АМАП, але не ўсе прозвішчы вядомыя на дадзены момант», – кажа Марына Касінерава.

Паводле інфармацыі ініцыятывы Dissidentby, падобныя акцыі адбыліся прынамсі ў дзевяці ўстановах, і толькі з Сушак, з ПУАП нумар шэсць вывезлі сем асобаў. Агульная колькасць затрыманых невядомая. Акцыі падобнага кшталту прадстаўнікі рэжыму ўжо ладзілі на пачатку году, нагадвае Марына Касінерава:

«Тады таксама прайшлі падобныя зачысткі, былі затрыманыя людзі, пры гэтым Дзяніс [Граханаў – рэд.], які быў па справе “Не забудзем” за надпіс пра Тарайкоўскага, яго пасля такіх праверак тэлефону судзілі за абразу Лукашэнкі».

Апроч завядзення новых крымінальных справаў вынікам такіх правяранняў можа быць узмацненне рэжыму ўтрымання ці прызначэнне новага тэрміну зняволення. Цяперашнія рэпрэсіўныя законы ў Беларусі дазваляюць сілавым структурам ладзіць падобныя акцыі, бо ў грамадзянаў няма судовай абароны ад сваволі ўладаў, кажа праваабаронца HUMAN RIGHTS IMPACT Раман Кісляк.

«Не трэба атрымліваць пастанову ці ордэр суддзі, дазвол суддзі на такія дзеянні. На жаль нашыя грамадзяне як на волі так і ў калоніях ці ўстановах адкрытага тыпу абсалютна бязвольныя. То бок органы могуць ажыццяўляць гэтыя дзеянні не азіраючыся, без кантролю судовых органаў», – адзначае Раман Кісляк.

Мэта ж ва ўладаў адна – запалохванне грамадства, каб людзі бачылі што рэпрэсіі не спыніліся і разумелі, што прыйсці могуць па кожнага.

«Мне здаецца тут у пэўнай ступені сілавікі халтураць, бо прасцей за ўсё шукаць пад ліхтаром, прасцей за ўсё шукаць палітычных злачынцаў ужо сярод палітычных зняволеных. Таму фактычна такія паўторныя пакаранні нейкага палітычнага сэнсу адносна саміх гэтых людзей можа вялікага не маюць, але так, яны маюць мэтай запужванне», – лічыць аналітык незалежнага цэнтру BISS Вадзім Мажэйка.

На сённяшні дзень паводле праваабарончага цэнтру «Вясна» ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1334 чалавекі. Ініцыятыва Dissidentby адзначае, што прынамсі 1674 чалавекі знаходзяцца ў зняволенні праз палітычныя матывы, 404 з іх адбываюць пакаранне ў папраўчых установах адкрытага тыпу.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»