Насельніцтва Зямлі перавысіла 8 мільярдаў чалавек


Яшчэ ніколі раней нас не было так шмат – цяпер на Зямлі жывуць 8 мільярдаў чалавек. І хоць ААН з’яўленне васьмімільярднага жыхара планеты афіцыйна не абвесціла, такія разлікі дэмографы зрабілі паводле аналізу ўзроставай структуры насельніцтва. Цікава, што прырост насельніцтва склаў 1 мільярд толькі за апошнія 11 гадоў. Але што стаіць за гэтымі лічбамі, разбіралася Вольга Васільева.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Зʼяўленне 8-мільярднага жыхара нашай планеты спрагназавалі яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму. Спачатку рост насельніцтва пужаў нават самыя развітыя краіны. Бо ў свеце панавала думка, што вялікая колькасць людзей пры абмежаванай колькасці рэсурсаў прывядзе да войнаў, голаду і смерці.

«На практыцы ж прырост насельніцтва ўвесь час скарачаецца, тэмпы росту насельніцтва скарачаюцца, стала зніжаецца нараджальнасць, паступова ў свеце яна скарачаецца, таму цяпер сітуацыя ўжо не такая страшная, як яна была 40 гадоў таму ці 50 гадоў таму», – тлумачыць дэмограф Ігар Яфрэмаў.

Пасля зніжэння ўзроўню смяротнасці ў большасці краінаў свету зніжаецца і ўзровень нараджальнасці. На думку дэмографа, катастрофы тут няма, але гэта прыводзіць да дысбалансу спачатку ва ўзроставай структуры насельніцтва, а затым і ў эканоміцы.

«Дзве тэндэнцыі адначасна супадаюць: спачатку скарачаецца колькасць людзей у працаздольным веку, і гэта вялікая праблема, бо не тое каб спыняе, але запавольвае рост эканомікі; і адначасова расце колькасць пажылых, не проста колькасць, а доля ў насельніцтве пажылых расце», – мяркуе Ігар Яфрэмаў.

У развітых краінах праводзяць актыўную дэмаграфічную палітыку ў трох кірунках: павышаюць нараджальнасць і працягласць працаздольнага жыцця, павялічваюць колькасць насельніцтва пры дапамозе мігрантаў. Дэмаграфічныя сітуацыя ў Беларусі аналагічная, толькі праблемы не развязваюць, а пашыраюць.

«Нараджальнасць цяпер у апошнія гады падае ў Беларусі. Чаму гэтак адбываецца? Не таму, што ўзровень даходаў беларусаў расце – ён не расце. Расце, наадварот, узровень няпэўнасці, узровень рызыкі, і ў такой сітуацыі людзі прымаюць рашэнне або адкласці, або зусім не нараджаць другое і трэцяе дзіця», – кажа эканамістка Кацярына Барнукова.

Беларуска Ганна Заніна дзяцей мець не хоча: «Атрымліваецца, што вы прыводзіце чалавека ў гэты свет без ягонай згоды, а далей яму ўжо трэба вучыцца, працаваць, перажываць розныя праблемы, і ўвогуле жыццё – гэта пакуты, і наш свет такі недасканалы».

Іншую пазіцыю займае сямʼя Садоўскіх: у Дзяніса і Таццяны трое дзетак. Шматдзетны бацька кажа, што калі Бог падорыць ім чацвёртае дзіця, то яны не будуць супраць:

«Гэта таксама і адказнасць перад грамадствам: калі мы стварылі сямʼю, нас двое і мы б хацелі, каб гэтае грамадства станавілася толькі большым, як мінімум трое дзетак. Калі мы не змяншаем грамадства, а толькі павялічваем, гэта таксама, напэўна, важна», – кажа шматдзетны бацька.

На 1-га студзеня 2022 года насельніцтва Беларусі склала 9 мільёнаў 255 тысяч 524 асобы. Паводле Белстату, з 1991 года беларусаў зрабілася меней на 1 мільён. За год у сярэднім нашая краіна губляе каля 29 тыс. чалавек. Паводле прагнозу ААН, у 2050 годзе ў Беларусі будуць жыць толькі 8,6 млн чалавек.

«Прагноз – ён празмерна аптымістычны, у нас ужо і нараджальнасць больш упала, чым ён чакаў, і, вядома, тую хвалю міграцыі, якую мы цяпер перажываем, ён таксама ніяк не мог улічыць, калі рабіў свой прагноз», – лічыць эканамістка Кацярына Барнукова.

Насельніцтва Беларусі скарачаецца не толькі праз нізкую нараджальнасць, а таксама праз эканамічную і палітычную міграцыю беларусаў. А зʼязджаюць, паводле Кацярыны Барнуковай, самыя актыўныя і працаздольныя людзі, якім прасцей знайсці сябе ў глабальнай эканоміцы.

Вольга Васільева, «Белсат»