«Ягонае жыццё сапраўды ў небяспецы, і трэба яго абараняць». Аўтуховіч працягвае галадоўку


Тры тыдні галадуе насуха прадпрымальнік і грамадскі актывіст з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч. Ён ня есць і ня п’е. Усё дзеля таго, каб яму вярнулі права на ліставанне. Беларусы Літвы, занепакоеныя станам вязня, выйшлі на нядзельны мітынг салідарнасці.

«А гэта значыць, што ягоны стан наўпрост катастрафічны. Ягонае жыццё сапраўды ў небяспецы, і трэба яго абараняць», – кажа ўдзельнік акцыі салідарнасці, а таксама муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй Панасюк.

У якім цяпер стане Мікалай Аўтуховіч, невядома. Па дарозе ў суд 26 ліпеня ён знепрытомнеў. На апошнім паседжанні, 28-га, яго ўжо не было. Са словаў дачкі вязня, у гэтыя дні ў турму прыязджала хуткая. Але дасюль невядома, ці да яго.

«Яшчэ трошкі, да прыкладу, 3-5 дзён, і ён рэальна можа памерці. Таму трэба ратаваць чалавека. Няхай робяць, што хочуць, але людзі – гэта людзі. Нельга здзекавацца з іх», – занепакоены ўдзельнік акцыі Міхаіл Чамурака.

Лічыцца, што пасля 10-ці содняў сухога галадавання чалавек памірае. Мікалай Аўтуховіч жа трымаецца трэці тыдзень. У гэтыя хвіліны ён адчувае агульную нядужасць, санлівасць, парушэнне працы апорна-рухальнай сістэмы, запавольванне сэрцавага рытму. Ён ванітуе страўнікавым сокам і часта траціць прытомнасць. Гэта трэцяе галадаванне вязня. Першае таксама было сухое, калі яго пазбаўлялі бізнесу. Другое ён трымаў 3 месяцы, ужываючы ваду.

Тое, што рэжым робіць з Мікалаем Аўтуховічам, у Еўрапарламенце назвалі бесчалавечным абыходжаннем. Але ўратаванне ягонага жыцця патрабуе больш сур’ёзных дзеянняў, мяркуюць беларускія актывісты. Адное з такіх – прызнанне Аўтуховіча палітычным вязнем.

«Гэта залежыць усяго толькі ад старшыні Хельсінкскага камітэту і праваабарончага цэнтру «Вясна» – Алега Гулака і Паўла Сапелкі. Я не ведаю, чаму Мікалая не прызнаюць палітзняволеным, бо ў яго такі ж кейс, як і ў Марфы Рабковай. Але яна прызнаная палітзняволенай», – кажа актывістка Вераніка Мішчанка.

Няма часу на крытыку, трэба змяняць падыход, мяркуе Вячаслаў Касінераў. Ініцыятыва «Dissidentby» прызнала Аўтуховіча палітычным вязнем.

«Мы павінныя цяпер спыніць негатыўныя ўсе гэтыя выказванні, абʼяднацца. Магчымае нейкае абмеркаванне, кароткія тэзісныя моманты сфармуляваць для сябе: Мікалай Аўтуховіч – герой, палітзэк. То бок яму патрэбная дапамога, міжнародная падтрымка. Вельмі кароткая фармулёўка такіх тэзісаў – і з гэтым ужо кудысьці ісці», – лічыць заснавальнік ініцыятывы.

Пра «справу Аўтуховіча» трэба крычаць, адзначае Вячаслаў Касінераў, бо ягоная справа можа быць не адзінай. А пакуль беларусы па ўсім свеце робяць усё магчымае. Подпісы, сабраныя на сённяшнім мітынгу, пойдуць у Генеральную пракуратуру і МУС Лукашэнкі.

Надзея Бельская, «Белсат»