Беларусь увайшла ў стадыю галопавай інфляцыі


Галопавая інфляцыя і скарачэнне колькасці прадпрымальнікаў – ці не самыя заўважныя трэнды беларускай эканомікі за апошнія паўгода. Шалёны рост цэнаў адлюстроўвае нават афіцыйная статыстыка. А незалежныя эксперты – эканамісты, бізнесоўцы – папярэджваюць: народ будзе бяднець, а прадпрымальнікі – эміграваць.  

Беларусь увайшла ў стадыю галопавай інфляцыі. Гэта вынікае з аналітыкі, апублікаванай даследніцкім цэнтрам BEROC. Інфляцыя вымяраецца двухзначнымі лічбамі: больш за сямнаццаць адсоткаў у чэрвені. А па выніках года можа дайсці да дзевятнаццаці. Даражэюць найперш імпартныя тавары. Ад іх беларускі спажывецкі рынак моцна залежыць – сцвярджаюць аналітыкі BEROC.

«Доля імпартных тавараў у харчовым сегменце перавышае 20 %, а ў нехарчовым каля 60 %. Ускладненне ўзаемадзеяння з замежнымі контрагентамі вымушае выбудоўваць новыя схемы паставак тавараў у Беларусь, што звязана з высокаю няпэўнасцю і рызыкамі», – пішуць аналітыкі BEROC.

Дастаўляць тавары стала складаней, бо беларускія і расейскія перавознікі аказаліся пад санкцыямі.

Абыходзіць іх удаецца, але каштуе гэта дорага, піша спецыялізаванае французскае выданне «Actu Transport Logistique». Грузы дастаўляюць самалётам у Фінляндыю, адтуль вязуць у Расею невялікімі грузавікамі, якія пад санкцыі не трапляюць.

«Санкцыі, аднак, выклікалі рэзкі скачок кошту транспартавання ў Расею – на 350–500 %, што часткова звязана з нястачаю прычэпаў і спецыяльнага транспарту – як рэфрыжэратары, а таксама з неабходнасцю выкарыстоўваць пасярэднікаў», – сцвярджае «Actu Transport Logistique».

Паводле Белстату, цэны за апошнія паўгода выраслі практычна на ўсе тавары. Найбольш прыкметна падаражэла побытавая тэхніка і складаная электроніка. Лядоўні – на 33 %, лічбавыя камеры – на 34 %. Амаль на траціну падаражэлі пасудамыйныя машыны, і на 18 % – мікрахвалёўкі. Высокі кошт дастаўкі імпартных тавараў падагравае інфляцыйныя чаканні – вынікае з даследавання BEROC. Бізнесоўцы пачынаюць перастрахоўвацца.

«Пабачыўшы вялікую інфляцыю, закладваюць у цану тавару патэнцыйны рост яго кошту. І ў нас адбываецца падаражэнне, хутчэйшае за саму інфляцыю», – кажа бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

На думку іншага эксперта, дарадцы Асацыяцыі беларускіх бізнесаў за мяжой Яраслава Ката, гэтая сітуацыя фактычна адкінула прадпрымальнікаў на дзесяцігоддзі – у дзевяностыя.

«Прыдумваюць, як зарабіць тут і цяпер, не думаючы пра доўгатэрміновыя адносіны, пра доўгатэрміновы бізнес. Бо невядома, што будзе заўтра. Гэта вялікая праблема», – характарызуе сітуацыю Яраслаў Кот.

Пра дзевяностыя нагадваюць не толькі кароткачасовыя бізнес-стратэгіі і двухзначныя лічбы інфляцыі. Эксперты таксама прадказваюць збядненне мільёнаў звычайных беларусаў.

«На жаль, акрамя ўласна інфляцыі, можна прадказаць падзенне даходаў насельніцтва. А гэта ўжо іншы фактар, які відавочна ўплывае на пакупніцкую здольнасць. І відавочна ўплывае агулам на сітуацыю на рынку.

Сённяшнім іпэшнікам, сённяшняму малому бізнесу, звязанаму з досыць простымі відамі дзейнасці, я зусім не зайздрошчу, бо яны першымі пацярпяць ад гэтых уцісканняў, уразанняў», – мяркуе Аляксандр Кныровіч.

275 549 асобаў – столькі прадпрымальнікаў было ў Беларусі ў чэрвені. Гэта на адзін адсотак меней, чымся паўгода таму. Але лічба не зусім дакладна адлюстроўвае стан рэчаў. Бо можна заставацца зарэгістраваным як прадпрымальнік, але фактычна дзейнасці не весці. Іншая рэч – рознічны тавараабарот прадпрымальнікаў і самазанятых фізічных асобаў. За апошнія паўгода ён склаў два мільярды дзвесце мільёнаў рублёў і ўпаў больш як на дзесяць адсоткаў, калі параўнаць з аналагічным перыядам года мінулага. Нават з папраўкаю на інфляцыю.

«Эканамічны фактар не адзіны, які вымушае індывідуальных прадпрымальнікаў зачыняцца, згортвацца і з’язджаць. Часта гэта і ідэалагічныя фактары. Меркаванне бяспекі. У нас любога чалавека могуць арыштаваць, канфіскаваць усё, зачыніць прадпрыемства, націснуць. Ніхто ні ад чаго не абаронены», – тлумачыць Яраслаў Кот.

Перавоз бізнесу ў іншую краіну сапраўды робіцца выйсцем шмат для каго з прадпрымальнікаў. Паводле Яраслава Ката, з пачатку вайны беларусам, якія захацелі перанесці сваю актыўнасць у Польшчу, выдалі больш за 15 тысячаў візаў. І гэта толькі паводле адной праграмы – «Poland.Business Harbour». Ці ўсе, хто падаўся на візу, у выніку ёю скарыстаюцца, – пытанне адкрытае. Але тэндэнцыя відавочная: беларускі бізнес шукае больш перспектыўныя і бяспечныя рынкі.

Валянцін Васіленка, «Белсат»