Беларусь як расейскі плацдарм са згоды Лукашэнкі


Брытанская вайсковая выведка пацвердзіла запуск двух дзясяткаў расейскіх ракетаў з беларускай тэрыторыі па Украіне 28 ліпеня. Міністэрства абароны Аб’яднанага Каралеўства адзначае, што Аляксандр Лукашэнка гне расейскую лінію ў ваенна-палітычным сэнсе – настойвае на прыдуманай віне ўкраінцаў у баявых дзеяннях. Але ўвод беларускіх войскаў на ўкраінскую зямлю эксперты, апытаныя «Белсатам», лічаць малаверагодным.

Расея павялічыла колькасць абстрэлаў Украіны са сваёй тэрыторыі, але і з Беларусі таксама. За месяц было больш за сотню ракетных і авіяўдараў. Пры гэтым Беларусь застаецца для расейцаў важным плацдармам, тлумачыць афіцыйны прадстаўнік украінскіх Паветраных сілаў. Напрыклад, беларуская паветраная прастора выкарыстоўваецца расейскім самалётам дальняй радыёлакацыйнай выведкі А-50. І не толькі.

«Узлёт самалётаў і старт ракет на кароткай дыстанцыі, для ўдараў па Жытоміршчыне, Кіеўшчыне, Сумшчыне – дае менш часу нашай паветранай абароне для рэагавання, каб збіць ракеты ці адрэагаваць на авіяцыю», – распавёў «Белсату» афіцыйны прадстаўнік украінскіх Паветраных сілаў ЗСУ Юрый Ігнат.

Як тлумачыць вайсковец, асноўным планам Уладзіміра Пуціна зʼяўляецца ўцягванне беларускіх вайскоўцаў у непасрэдна баявыя дзеянні. Бо сваіх рэсурсаў ужо недастаткова.

«Зараз ізноў па Кіеве білі з Беларусі. Робяць усё, каб Украіна адказала, а гэта далей выкарыстаць, як нагоду для ўцягвання беларускага войска», – патлумачыў «Белсату» Аляксей Ганчарэнка.

Народны дэпутат Украіны мяркуе, што ад загаду атакаваць Украіну Лукашэнку стрымлівае «нюх палітычнай жывёлы».

Тым не менш, дзеля палітычных мэтаў Лукашэнка загадвае працягваць вучэнні ў прымежных з Беларуссю раёнах – камандна-штабныя, радыёэлектроннай барацьбы, Сілаў спецаперацыяў і гэтак далей.

Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» адзначае, што агулам вучэнні дадаткова працягвалі на 14 тыдняў. І гэта не проста «БТРы пераадольваюць водныя перашкоды», гэта дасягненне ваенна-палітычных мэтаў, мяркуе дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Пётр Рудкоўскі:

«Гэта трыманне ў напружанні ўкраінцаў. Каб адцягнуць пэўную частку ўкраінскіх войскаў ад баёў на ўсходзе і поўдні Украіны».

Ваенная выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі таксама адсочвае дзеянні рэжыму Лукашэнкі супраць украінцаў і супраць беларусаў.

«Рэжым Аляксандра Лукашэнкі робіцца яшчэ больш аўтарытарным, пашыраючы смяротнае пакаранне на «падрыхтоўку тэрарыстычных актаў». Растуць ягоныя беспадстаўныя абвінавачанні Захаду ў планах адносна Беларусі і Украіны. Гэта паказвае, што ён стаў амаль цалкам залежны ад Расеі», – заявілі ў брытанскім Міністэрстве абароны.

У Лондане адзначаюць, што Лукашэнка рэтранслюе за мяжу расейскую палітычную лінію аб віне дзяржаваў Захаду ў баявых дзеяннях.

«Калі б Расея не апярэдзіла вас, натаўцаў, вы б арганізаваліся, і нанеслі супраць яе ўдар!» – у інтэрвʼю агенцтву «Франс Прэс» 21 ліпеня Лукашэнка выказваўся ў сэнсе, што ўкраінцы самі нібыта вінаватыя ў тым, што на іх напалі расейцы. І што дзяржавы Захаду могуць прымусіць Украіну скончыць вайну.

«Павінна сесці за стол перагавораў. І згадзіцца, што яны не будуць пагражаць ніколі Расеі і не будуць мець на тэрыторыі Украіны тую зброю, якая будзе пагражаць расейскай тэрыторыі. Гэта галоўнае. А дэнацыфікацыя і іншае – гэта філасофія. Галоўнае – бяспека Расеі», – заявіў Лукашэнка замежнаму журналісту.

Але адпраўляць на фронт верных яму сілавікоў Лукашэнка не плануе. Бо на гэтым і трымаецца вернасць – мяркуе Пётр Рудкоўскі. У беларускім грамадстве ідэя здачы ва ўкраінскі палон непапулярная. Але не выканаць загад і адмовіцца наступаць на суседзяў – гэта шырокая грамадская думка.

«Значная частка грамадства з разуменнем паставілася б да таго, калі б беларускія вайскоўцы не выконвалі загадаў», – кажа адмысловец.

Перспектыва смерці сыноў на вайне пужае і бацькоў будучых вайскоўцаў. Сёлета недабор студэнтаў у Інстытуце памежнай службы Беларусі. У Ваеннай акадэміі Беларусі таксама конкурс менш за аднаго чалавека на месца. Некамплект курсантаў на камандзіраў танкавых падраздзяленняў, на сувязістаў, артылерыстаў і ракетчыкаў.

«Усе, хто атрымлівае ці тым больш атрымалі вайсковую адукацыю, у іх ёсць абавязак перад дзяржавай значна больш жорсткі, чым у цывільных асобаў. І ва ўмовах вядзення вайны – фактычна Беларусь зʼяўляецца суагрэсарам у гэтай вайне – гэта патэнцыйныя кадры для ваенных дзеянняў», – мяркуе эксперт Грамадскага Балонскага камітэту Андрэй Лаўрухін.

Таксама недабор беларусаў на запланаваныя месцы навучання ў расейскіх вайсковых інстытутах. Напрыклад, у вайскова-інжынернае каманднае вучылішча ў Цюмень з Беларусі не паехаў ніхто.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».