У Менску з'явілася VIP-крама


У «Маяку Менску» адкрылася самая буйная крама сеткі «Сем пятніцаў». На тысячы квадратных метраў гандлёвай плошчы месцяцца паліцы з рэдкімі прадуктамі: пладамі лотаса, труфелямі, грабянькамі, стэйкамі, крафтавай выпечкай і прысмакамі сусветных брэндаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Цэны на некаторыя пазіцыі здзіўляюць. Напрыклад, стэйк фарэлі ў VIP-краме каштуе 104 рублі за кілаграм. У сталічным «Гіпа» на тую ж пазіцыю трэба выдаткаваць на чвэрць менш. Гурманы могуць пачаставацца камчацкім крабам за 100 рублёў, ці спагеці з чарнілам каракаціцы – за 20.

Цэны на «хадавыя пазіцыі» – крупы, макарону, кансервы – як у звычайных беларускіх крамах. Разынка супермаркету – асартымент. Ён складаецца з 8 тысячаў адзінак. Зазначаюць, што прадукты сюды прывезлі з краінаў СНД, Паўднёва-Усходняй Азіі, а таксама з несяброўскіх для беларускага рэжыму Злучаных Штатаў, Швейцарыі, Францыі, Італіі, Аўстрыі, Нямеччыны, Іспаніі ды Партугаліі.

Падтрымліваць такую разнастайнасць у цяперашніх умовах – складана, кажа Настасся Лузгіна, экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC:

«Наўпрост вязуцца нейкія тавары з Еўропы. Вядома, цяпер гэта вельмі складана нават не тое, каб з пункту гледжання забаронаў, а проста з меркаванняў лагістыкі. Мы ведаем, што межы дрэнна працуюць, на іх чэргі і ў такіх умовах харчовыя тавары правозіць не выгадна».

Каб скараціць шлях імпарту, некаторыя айчынныя крамы вымушаныя купляць прадукты не ў вытворцы, а праз староннія кампаніі, якія, у адрозненне ад вытворцаў, часта не суправаджаюць тавараў адпаведнымі сертыфікатамі. Так на беларускі рынак трапляюць еўрапейскія прадукты, перакупленыя са складоў Расеі і Казахстану.

«Калі выйсця няма, то пагаджаюцца і на такія схемы, каб тавары, у тым ліку і еўрапейскія, былі прадстаўлены для беларускага спажыўца», – дадае Настасся Лузгіна.

Пра тое, каб у «Сем пятніцаў XXL» быў вялікі асартымент, клапоціцца валодаючая кампанія – ТАА «Юністор Груп». Паводле інфармацыі агенцыі «Спутнік. Беларусь», яна зʼяўляецца афіляваным праектам «Еўрагандлю».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крама «Сем пятніцаў» на пр. Незалежнасці.
Фота: 7fridays.by

«Да крамаў “Еўраопт“, да ўсёй гэтай сеткі, мае непасрэднае дачыненне сямʼя Лукашэнкі. Што тычыцца Беларусі (што прыносіць хаця б невялікі даход), усё павінна праходзіць праз структуры, якія, скажам так, афіляваныя з рэжымам Лукашэнкі з ягонымі дзецьмі, ну, у крайнім выпадку – з Шэйпам», – тлумачыць прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

У 2003 годзе пракуратура абвінаваціла саўладальнікаў сеткі – Уладзіміра Васілько і Сяргея Літвіна – у «стварэнні транснацыянальнай злачыннай арганізацыі». Бізнесоўцы паспелі збегчы з краіны да затрымання і засталіся за мяжой. Але іх бізнес у Беларусі працягнуў квітнець.

«Сітуацыя такая была ў Мазыры: калісьці там была сетка крамаў “Нэлі”, уладальнікам якой быў такі Чабанян. Яму сказалі: мы ў цябе забіраем усё проста, ты аддаеш сваю тэрыторыю, усе свае крамы – і ўся яго вялізная сетка проста хутка адышла пад крамы “Еўраопт”», – дадае Уладзімір Жыгар.

Васілько і Літвін працягваюць значыцца ў дакументах «Еўраторгу», але хто насамрэч кіруе буйной сеткай – вызначыць складана. Паводле слоў Уладзіміра Жыгара, у тым, каб гандлёвых кропак маркі станавілася больш, зацікаўлена бліжэйшае кола Лукашэнкі ці асабіста сам дыктар.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»