У Менску распачаўся самы масавы завочны суд: у справе «аналітыкаў Ціханоўскай»


Менскі абласны суд распачаў працэс паводле крымінальнай справы ў межах спецыяльнага вядзення. Ён мае быць самым масавым, бо ў ім праходзяць адразу 20 чалавек. Сярод іх – прадстаўнікі Офісу Святланы Ціханоўскай, даследнікі, журналісты, аналітыкі. Як мяркуюць лукашэнкаўскія сілавікі, усе яны ўваходзяць у так званае экстрэмісцкае фармаванне пад назваю «Аналітыкі Ціханоўскай». Таксама ў пятніцу пачаўся суд над галоўным дарадцам абранай прэзідэнткі Франкам Вячоркам, а таксама над вядомымі блогерамі і артыстамі, сярод якіх Андрэй Павук, Маргарыта Ляўчук і іншыя.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

31-га траўня ў Менскім абласным судзе завочна пачаўся разгляд крымінальнай справы так званых аналітыкаў Святланы Ціханоўскай. У спісе абвінавачаных, сярод іншых, аналітыкі і эксперты Алеся Руднік, Рыгор Астапеня, Ганна Любакова, палітолаг Аляксандр Лагвінец, аглядальнік Юрый Дракахруст, палітык Павел Усаў. Яны выступілі з супольнаю заявай, у якой адзначылі, што лічаць гэтую справу палітычна матываваным пераследам.

«Усе адвольна згрупаваныя асобы ў “справе” займаліся выключна прафесійнай дзейнасцю, якая не можа класіфікавацца ў адпаведнасці з прад’яўленымі абвінавачаннямі. Мы лічым гэтую “справу” працягам бесперапыннай атакі супраць беларускай незалежнай аналітычнай, экспертнай і журналісцкай супольнасці з боку беларускіх уладаў. А таксама звяртаем увагу на тое, што абвінавачваць экспертаў і журналістаў у спробах захопу ўлады і экстрэмізме – гэта абсурд», – гаворыцца ў заяве ў сувязі з судом у справе «аналітыкаў Ціханоўскай».

Фігурантаў вінавацяць паводле некалькіх артыкулаў:

  • змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;
  • удзел у экстрэмісцкім фармаванні і ўваходжанне ў склад такога фармавання з мэтамі здзяйснення злачынства экстрэмісцкай скіраванасці;
  • спрыянне ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады, здзяйсненне іншых дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
  • спрыянне ў наўмысных дзеяннях, скіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці і разладу паводле прыкметы іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асобаў.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менскі абласны суд.
Фота: yandex.com

Разглядае справу суддзя Уладзімір Арэшка. Згодна з матэрыяламі справы, усіх 20 чалавек абвінавачваюць у здзяйсненні злачынстваў экстрэмісцкага характару – у сувязі з прэзідэнцкай кампаніяй у 2020 годзе, а таксама з дзеяннямі пасля выбараў. Фігурантам пагражае да 12-ці гадоў пазбаўлення волі.

«Ясна, што нічога супольнага з судом тут няма, гэта абсурд. Цікава, што Лукашэнка вырашыў зрабіць суды ў адзін дзень – такі дзень расправы, помсты над усімі няўгоднымі. Адна справа па мне, а другая, больш важная і знакавая, па беларускіх экспертах і аналітыках, якіх абвінавачваюць у тым, што яны насамрэч рабілі сваю працу», – кажа галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Франка Вячорку таксама судзяць завочна. Справу разглядаюць у Менскім гарадскім судзе. Палітыку выставілі абвінавачанне паводле дзевяці крымінальных артыкулаў і пазоў на амаль трыццаць адзін мільён рублёў.

«Што да мяне, то я так прыцэньваўся, колькі мне могуць упісаць: 20 гадоў, плюс-мінус, улічваючы маштаб абвінавачванняў. Там і пераварот, здрада дзяржаве, арганізацыя пратэстаў і беспарадкаў. А вось наконт аналітыкаў – цікавы кейс. Цікава, наколькі далёка яны пойдуць, і, безумоўна, гэта будзе мець міжнародны розгалас», – падкрэсліў Франак Вячорка.

Змяняем лакацыю і пераносімся за 350 кіламетраў ад сталіцы. У Берасцейскім абласным судзе праходзіць працэс у дачыненні опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук, музыкаў і актывістаў Аляксандра Чахоўскага, Іллі Салянкова і Уладзіслава Наважылава. У спісе фігуруюць і блогер Андрэй Павук ды ягоная былая жонка Вольга.

«У Гітлера таксама ж было ўсё законна. Законнасць не азначае справядлівасці – прачытаў такую разумную думку ў інтэрнэце. Тое, што яны такія суды арганізоўваюць, – гэта аб бездапаможнасці. Трэба паказаць, што мы ўсё адно вас не любім, мы мацнейшыя і мы вас перамагаем», – распавёў блогер Андрэй Павук.

У гэтай справе іх абвінавачваюць адразу паводле 14-ці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці ды знявазе Лукашэнкі. Усе фігуранты цяпер за мяжою. Разглядае справу Святлана Крамянеўская, а працэс адбываецца ў закрытым рэжыме.

«Вось я не разумею: быццам бы адкрытая ўлада, адкрытае грамадства, а закрыта судзяць. Нешта ўсё ж няёмка ім, хаваюцца. Зло заўсёды хаваецца», – кажа блогер Андрэй Павук.

Паводле лукашэнкаўскіх сілавікоў, спецыяльнае вядзенне фактычна ёсць першым крокам да нядаўна ўзаконеных у Беларусі завочных судоў над тымі, хто застаецца за мяжой. Як правіла, разгляд такіх справаў праходзіць вельмі хутка, а ўсе абвінавачаныя атрымоўваюць рэальныя тэрміны.

Павел Алейнікаў, «Белсат»