268 школ «замініравалі». Што гэта было?


Свабоду Раману Пратасевічу! З такой вокладкай выйшаў сёння папулярны чэшскі часопіс «Рэспэкт». У ім цытуюць словы Рамана з апублікаванага відэа, што ў яго ўсё добра са здароўем, а адносіны супрацоўнікаў да яго максімальна карэктныя і згодныя з законам. І ўсё гэта пад прыцэлам аўтамату. На Захадзе разумеюць, што адбываецца. Тым часам у Беларусі маюць месца вельмі дзіўныя рэчы.

118 школаў у Менску і яшчэ 150 навучальных установаў у Магілёве, Бабруйску, на Гарадзеншчыне і ў іншых мясцовасцях сёння сталі ахвярамі фальшывага мініравання. Школы атрымалі электронны ліст дзіўнага зместу:

«Школы замініраваныя. Я супольнік Пратасевіча, калі прагрыміць выбух, неабходна вінаваціць толькі Пратасевіча. (…) Таксама выбух ніяк не звязаны з працай міліцыі ды іншых органаў Рэспублікі Беларусь».

Частку лістоў адправілі з адрасу артапеда з Омску, медыі выказваюць здагадку пра ўзлом электроннае пошты. Ніякай рэальнай небяспекі не знайшлі. Міністэрства ўнутраных справаў нагадала, што за хлуслівыя паведамленні аб мініраванні пагражае да 7 гадоў зняволення:

«Цяпер праводзяцца дадатковыя аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы, накіраваныя на высвятленне асобаў, якія распаўсюдзілі дадзеную хлуслівую інфармацыю».

Між тым, чарговую хлуслівую інфармацыю Міністэрства транспарту зняпраўдзілі сёння журналісты Tut.by. Яны высветлілі, што 23 траўня з аэрапорту ў Горадні вылятаў чартар, у той час як чыноўнікі заявілі, што «Ryanair» у той дзень давялося садзіць у Менску, бо лётнішча ў Горадні не працавала.

«Выглядае на тое, што пэўныя непярэліўкі былі. Адсутнасць каардынацыі з установамі. Я думаю, што гэтае рашэнне пра захоп Рамана Пратасевіча прымалася ў вузкім коле. Бо калі б гэта было з прыцягненнем экспертаў, то яны паспрабавалі б спыніць гэтую аперацыю», – гаворыць дарадца Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі.

Сёння Уладзімір Макей заявіў, што грамадзянку Расеі Соф‘ю Сапегу, захопленую з самалёта «Ryanair», могуць перавесці адбываць пакаранне ў Расеі пасля рашэння беларускага суда. Ёй дагэтуль афіцыйна не выставілі абвінавачання, адвакат толькі заявіў, што ў дзяўчыны здараюцца панічныя атакі.

«Некалькі неабходных умоваў для таго, каб такая перадача адбылася. Перадусім гэта хадайніцтва асуджанага і яго блізкіх родзічаў ці адвакатаў. Пасля гэтага атрымоўваецца дазвол абодвух бакоў, і тады цалкам магчыма, што асуджаная можа быць перададзеная ў іншую дзяржаву», – тлумачыць юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Яшчэ адно зняпраўджанне афіцыйнага паведамлення беларускіх уладаў сёння дадаў сэрвіс электроннай пошты «ProtonMail». Следчы камітэт заявіў, што акурат з яго атрымаў два лісты пра мініраванне самалёта. У кампаніі сцвердзілі: ліст быў толькі адзін. «Еўрарадыё» звярнула ўвагу, што паштовая скрынка, адкуль адправілі пагрозу, была створаная 14 траўня – акурат калі скончыўся візіт Святланы Ціханоўскай у Афіны, пасля чаго яна вярталася ў Вільню.

«Ці гэта магло быць скіравана на Святлану Ціханоўскую, пакуль яшчэ рана казаць. Але мы будзем вывучаць гэтае пытанне, у тым ліку будзем звяртацца да партнёраў замежных», – зазначае дарадца Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі.

Сёння стала вядома, што Кіпр далучыўся да авіяблакады і забараніў беларускім самалётам выкарыстоўваць сваё неба. Таксама з’явіўся новы рэйс «Белавія» – да сталіцы Башкартанстану, Уфы.

Напярэдадні Святлана Ціханоўская разам з іншымі лідарамі яшчэ раз звярнулася да беларускіх чыноўнікаў, каб яны не падтрымлівалі Лукашэнкі, які вядзе краіну да катастрофы.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»