«Спячая ячэйка экстрэмістаў» была затрыманая ў Гомлі


Новы «поспех» сілавікоў: у Гомлі ў гаражным кааператыве затрымалі «спячую ячэйку экстрэмістаў». На так званых пакаянных відэа з затрыманых выцягнулі толькі прызнанне ў стварэнні групы ў «Тэлеграме».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Хлопцы посцілі ў гэтай групе не самыя добрыя рэчы, усялякія экстрэмісцкія матэрыялы», – «каецца» адзін з затрыманых.

Самае ж вялікае злачынства, у якім прызналіся нібыта экстрэмісты, – знявага Лукашэнкі:

«Я некалькі разоў абразіў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнку Аляксандра Рыгоравіча», – кажа іншы затрыманы.

У гаражы, як вынікае з відэа, таксама нічога не знайшлі, апроч забароненай уладамі сімволікі. Але праўладны гомельскі канал заяўляе, што затрыманыя нібыта спажывалі наркотыкі і планавалі дэстабілізаваць грамадскі парадак у Беларусі. А таксама «мелі замежныя сувязі з тэрарыстычнай арганізацыяй “полк Каліноўскага”».

«Яны відавочна адчуваюць ад нас небяспеку, таму што ўвесь час ідуць пра нас згадкі, спрабуюць палохаць нашых сваякоў, якія засталіся ў Беларусі. Таму выкарыстоўваецца любая інфармацыя, якая можа неяк звязаць людзей з палком», – кажа намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук.

Пра тое, што ўсе сувязі байцоў палка Каліноўскага ў Беларусі сістэматычна адпрацоўваюцца, кіраўніцтва ГУБАЗіКу заяўляла два тыдні таму.

«Нагадваем, што ўсе сувязі тых беларускіх наймітаў, хто ваюе на тэрыторыі Украіны ў складзе незаконных узброеных фармаванняў, зафіксаваныя. І сістэмна адпрацоўваюцца на прадмет падрыўной дзейнасці ўнутры краіны і аказання спрыяння замежным радыкальным ініцыятывам», – казаў 14-га сакавіка начальнік ГУБАЗіК МУС Андрэй Ананенка.

Але налёты ўчыняюцца не толькі на сваякоў і знаёмых каліноўцаў. Дзясяткі людзей толькі апошнімі днямі былі затрыманыя па ўсёй Беларусі. Тое, што затрыманых запісваюць ва ўдзельнікаў таемных ячэек, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман называе цалкам лагічным, бо сілавікам трэба дэманстраваць паспяховую дзейнасць.

«Ім мала знайсці некіх “экстрэмістаў”, мала знайсці нейкіх людзей, якія былі ў якіхсьці чатах. Іхная ж дзейнасць ацэньваецца паводле якасці, таму лепш знайсці і паказаць магчымых людзей, якія былі звязаныя з палком Каліноўскага», – кажа Аляксандр Фрыдман.

І дадае, што мэта гэткіх затрыманняў – запалохаць і раз’яднаць людзей.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»