Лукашэнка: «Калі будзе патрэба, мы з Пуціным вырашым і ўвядзем сюды і стратэгічную зброю»


Пераможцаў у ядравай вайне не будзе, а распаўсюд гэткай зброі спрыяе не залагоджванню, а эскалацыі любога канфлікту. Пра гэта прамаўлялі на паседжанні Рады бяспекі ААН, што склікалі пасля абвяшчэння Пуціным намеру размясціць у Беларусі тактычную ядравую зброю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Расея парушае свае абавязанні ў тым выпадку, калі гэта адпавядае інтарэсам Пуціна. Раней Расея казала, што ядравыя дзяржавы мусяць утрымлівацца ад размяшчэння гэткай зброі ў іншых краінах», – упэўнены намеснік прадстаўніка ЗША ў ААН Робэрт Ўуд.

«На фоне адкрыта дэклараванага NATO імкнення нанесці Расеі стратэгічную паразу відавочна, што такія дзеянні патрабуюць ад нас прыняцця ўсіх неабходных крокаў у адказ, у тым ліку ў вайсковай сферы», – парыруе прадстаўнік Расеі ў ААН Васіль Нябензя.

Лукашэнка падчас свайго выступу ў Менску пацвердзіў намер Расеі размясціць ядравую зброю ў Беларусі, звязаў яго з пагрозай незалежнасці краіны:

«У існых абставінах і ваенна-палітычнай абстаноўцы вакол нашай краіны, мною былі актывізаваныя перамовы з прэзідэнтам Расеі Пуціным па вяртанні ў Беларусь ядравай зброі».

Паводле Лукашэнкі, уся інфраструктура для ядравай зброі ў Беларусі ўжо створаная ды падрыхтаваная.

«Калі будзе патрэба, мы з Пуціным вырашым і ўвядзем сюды і стратэгічную зброю. Яны гэта павінны разумець: мярзотнікі за мяжой, якія сёння спрабуюць нас падарваць знутры і звонку. Мы ні перад чым не спынімся».

Адметна, што пастанову, якая непасрэдна закранае бяспеку і жыцці мільёнаў беларусаў, узурпатар прыняў аднаасобна. Пастановы не зацвердзіў ні народ Беларусі шляхам рэферэндуму, ні нават гэтак званы парламент.

«Мы кажам пра Беларусь, дзе Канстытуцыя або заканадаўства не функцыянуюць ад 1996 года, – разважае палітолаг Павел Усаў. – Таму звяртацца ці апеляваць да права, міжнароднага ці ўнутранага, няма ніякага сэнсу. На сёння правам з’яўляецца сіла і зброя. У Беларусі зброя скіраваная супраць народу, незалежнасці, суверэнітэту краіны».

На думку еўрадэпутата ад Літвы Пятраса Аўштравічуса, размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі будзе сведчыць пра поўную анексію нашае краіны з боку Расеі і значна пагоршыць бяспеку ў рэгіёне.

«Зыходзячы з таго, што Літва зʼяўляецца сябрам NATO, гэта будзе ўспрынята як выклік, і, вядома, будуць падрыхтаваныя адказы. Любая спроба напалохаць ці шантажаваць выкліча пэўны адказ», – кажа Аўштравічус.

Дваццаць пятага сакавіка Пуцін заявіў, што Расея пад сваім кантролем размесціць у Беларусі тактычную ядравую зброю. Нашай краіне ўжо перададзены адмысловы ракетны комплекс Іскандэр-М. Да таго ж, пад нясенне ядравых набоеў пераабсталяваныя дзесяць беларускіх бамбавальнікаў. На думку Пуціна, гэткія захады ніяк не парушаюць міжнародных абавязанняў аб нераспаўсюдзе ядравае зброі.

Ян Федаровіч, «Белсат»