Доналду Трампу пагражае суд


Доналд Трамп стаў першым экс-прэзідэнтам ЗША, якому прад’явілі крымінальнае абвінавачанне. Яму ставяць у віну больш як трыццаць пунктаў, звязаных з бізнес-махлярствам. За пастанову прагаласавала вялікае журы прысяжных Мангэтану ў Нью-Ёрку. Трампу прапанавалі зʼявіцца да суддзі ў аўторак, чацвёртага красавіка, каб выслухаць абвінавачанні і даць першыя паказанні ў гэтай справе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Два шаноўныя акруговыя пракуроры Мангэтану, Сайрус Вэнс і спадар Брэг, паслядоўна выставілі абвінавачанні супраць Доналда Трампа ў фальсіфікацыі бізнес-дакументаў. Што, калі гэта праўда, не здзіўляе ўсіх нас, – адзначыў прафесар права Калумбійскага ўніверсітэту Джон Кофі. – Бо ў спадара Трампа заўсёды была рэпутацыя чалавека, які мае даволі свабодныя адносіны з фактамі і праўдаю».

Падстава для абвінавачанняў – выплата ста трыццаці тысяч долараў. Следства мяркуе, што гэтыя грошы адвакат Майкл Коўэн на даручэнне Трампа адправіў порнаакторцы Стормі Дэньелз, каб тая маўчала перад выбарамі 2016 года. Бо раней самая Стормі паспела пахваліцца, што правяла ноч з мільярдэрам Трампам падчас дабрачыннага турніру па гольфе. Плата ж нібыта была аформленая як «выдаткі на палітычную кампанію», а гэта ўжо можна кваліфікаваць як махлярства. Палітолаг-амерыканістка Аляксандра Філіпенка патлумачыла: уся справа тычыцца менавіта крымінальнага пераследу.

«Канкрэтна выкарыстанні сродкаў амерыканцаў неналежным чынам. Таму што вінавацяць яго (як і Клінтана, які адразу ўзгадваецца). Клінтана абвінавачвалі не за тое, што ў яго была сувязь з Монікай Левінскі, а ў тым, што ён схлусіў пад прысягай».

Сам Доналд Трамп адмаўляе і свае любошчы са Стормі, і аплату ейнага маўчання. Ён сцвярджае: гэтаю крымінальнай справаю Джо Байдэн імкнецца пазбавіцца канкурэнта на прэзідэнцкіх выбарах у 2024-м.

«Рэжым Байдэна выкарыстоўвае праваахоўныя органы як зброю супраць свайго палітычнага апанента, – абвясціў Трамп на сустрэчы са сваімі прыхільнікамі. – Гэта нешта накшталт фільму жахаў пра сталінскую Расею. І бачыце, мы рушым у бок сталінскае Расеі, вось як гэта называецца. Вы вяртаецеся ў камуністычны Кітай».

Дык ці перашкодзіць Трампу крымінальнае абвінавачанне вылучацца і браць удзел у прэзідэнцкай гонцы наступнага года? Не. Не перашкодзіць. Пакуль проста аформяць пратакол, возьмуць адбіткі пальцаў, сфатаграфуюць. І пэўна не пасадзяць у пастарунак у кайданках. Яго могуць нават судзіць, але зусім не факт, што ён атрымае турэмны тэрмін. Закон не забараняе яму працягваць удзел у выбарах.

«Супраць яго ўжо распачыналі нямала розных расследаванняў, але гэта не спыніла ягонай палітычнай кар’еры», – нагадаў дырэктар цэнтру вывучэння Усходняй Еўропы Лінас Каяла.

А ці падтрымаюць Трампа амерыканцы? Цяпер грамадзяне ЗША зноў, як і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, падзяліліся на дзве часткі: на зацятых «трампістаў» і крытыкаў экс-прэзідэнта. Адны абяцаюць галасаваць за Доналда, а другія параўноўваюць таго з Уладзімірам Пуціным. Адмыслоўца-амерыканістка Аляксандра Філіпенка адзначае: ён здольны павярнуць сітуацыю на сваю карысць. Абвінавачанні супраць яго гучаць не вельмі пераканаўча.

Дэталі гэтай пікантнай справы стануць вядомыя пасля таго, як падазраваны Трамп зʼявіцца ў суд і яму будуць афіцыйна выстаўленыя абвінавачанні. CNN паведамляе пра больш чым трыццаць пунктаў, звязаных з махлярствам. Але цяпер Доналд Джон Трамп, сорак пяты прэзідэнт ЗША, лічыцца абсалютна невінаватым. Пакуль суд не дакажа адваротнага.

Марына Яновіч, «Белсат»