Даражэйшыя цыгарэты і больш танныя крэдыты. Што зменіцца з красавіка?


Паленне шкодзіць не толькі здароўю, але і ўсё больш становіцца адчувальным для гаманца. З 1 красавіка ў Беларусі значна даражэюць цыгарэты. Сёлета – чацвёрты раз.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле Міністэрства падаткаў і збораў, падаражэнне закране 200 марак цыгарэтаў, як беларускай, гэтак і замежнай вытворчасці. У сярэднім цэны падымуцца на 30 капеек. Звязана ж гэта са збліжэннем ставак акцызаў з іншымі краінамі ЕАЭС.

«Цэны на цыгарэты выраслі на 14 % за першыя два месяцы гэтага года. Таму гэта працэс, які будзе працягвацца, і гэта ніяк не звязана з працай МАРГ і міністра Багданава. Міністр Багданаў на гэта заплюшчвае вочы і робіць выгляд, што нічога не адбываецца», – кажа Аляксандр Кныровіч, бізнесовец і вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце».

Як адзначае фінансіст Віталь Алейнік, улады не хаваюць, што прычына запавольвання інфляцыі за апошнія месяцы – адміністрацыйнае ўмяшанне ў эканоміку. То бок цэны стрымліваюць штучна. Нацбанк, гледзячы ў выніку на штучную статыстыку інфляцыі, паніжае стаўку рэфінансавання, то бок робіць крэдыты больш таннымі. Стаўка рэфінансавання з трэцяга красавіка знізіцца з 11 % да 10,5 %. Гэта трэцяе зніжэнне з пачатку года. Папярэднія адбыліся ў студзені ды сакавіку.

«Зразумела, што, спрабуючы знізіць стаўку рэфінансавання, імкнуцца панізіць крэдытныя стаўкі і для насельніцтва. Таму што зразумела, што тэмпы росту эканомікі падаюць, і каб трошкі ажывіць эканоміку, каб стымуляваць яе рост, спрабуюць ажывіць так званы спажывецкі попыт», – зазначае Віталь Алейнік.

І яшчэ адно важнае змяненне з першага красавіка. «Беларусбанк», «Прыёрбанк» і «МТБанк» папярэдзілі сваіх кліентаў: калі ў касе вы захочаце пакласці на рахунак больш за 50 базавых, цяпер гэта 1850 рублёў, прыйдзецца паказаць пашпарт. Віталь Алейнік кажа, што такая практыка можа ўжывацца дзеля большага кантролю над грамадзянамі:

«Каб больш ціснуць на людзей, каб яны не маглі іншым разам тыя ж заробленыя за мяжою грошы (шмат у нас людзей працуе і за мяжою) іншым разам прынесці ў банк, на свой рахунак пакласці. Увесь час за імі будуць сачыць, а зразумела, што калі трэба будзе нейкае пацверджанне аб даходах з-за мяжы, там ужо і падатковая з’явіцца».

Не пазбегчы нам у гэтым месяцы і росту падаткаў. Уладальнікі сабакаў за сваіх гадаванцаў заплоцяць больш. Раз на квартал 55,5 рублёў – новая стаўка падатку для пародаў з пераліку патэнцыйна небяспечных, крыху больш за 11 рублёў – для іншых пародаў. Што праўда, мясцовыя Саветы дэпутатаў маюць права змяншаць гэтую стаўку, але не больш чым удвая. Гэтак, у Менску падатак на ўтрыманне сабакаў патэнцыйна небяспечнай пароды – 37 рублёў на квартал.

«Гэтыя грошы размяркоўваюцца непразрыста. Ты не можаш даведацца, на якія мэты канкрэтна з гэтага падатку пайшлі сродкі. Таму што за гэтыя грошы не выдзяляюцца сродкі, напрыклад, на прыватныя прытулкі, якія ў нас існуюць. Бо яны ўтрымліваюцца выключна за нейкія данаты і грошы валанцёраў», – мяркуе ўладальніца сабакі Марыля Дакуцька.

І яшчэ адно змяненне датычыць закупаў. З 18 красавіка заклік «Купляйце беларускае!» ужо не будзе такім актуальным, як раней. Паводле пастановы Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, крамы на раўнапраўнай аснове мусяць выстаўляць на сваіх паліцах айчынныя тавары і тавары з іншых краінаў Еўразійскага эканамічнага саюзу. То бок з Арменіі, Казахстану, Кыргызстану і Расеі.

Алесь Яшчанка, «Белсат»