Улады Марыупалю заяўляюць, што расейскія войскі прымусова вывезлі каля сарака тысяч жыхароў гораду


Супрацьтанкавыя прылады, імправізаваныя блокпасты і барыкады – так выглядае сёння Кіеў. Абарону трымаюць і байцы тэрытарыяльнай абароны і мірныя жыхары.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я стаю і за ўнукаў, і за дзяцей, і за ўвесь народ, за нашу будучыню, за нашу свабоду».

«Я тут таму, што гэта мой дом, і ворагі прыйшлі сюды. Я быў гатовы сустракаць іх, і сустрэну, калі гэта будзе патрэбна», – кажуць жыхары Кіева, што выйшлі абараняць свой горад.

Нягледзячы на нядаўнія заявы Расеі пра скарачэнне ваеннай актыўнасці на кіеўскім і чарнігаўскім кірунках, украінскія вайскоўцы змяншэння агню не заўважылі.

«Ніякага абмежавання няма, усё адно ідзе абстрэльванне, усё адно працуе артылерыя, працуюць вайсковыя падраздзяленні. Усё іхнае скарачэнне актыўнасці – гэта праца Збройных сілаў Украіны. Калі б не праца Збройных сілаў Украіны, ніякага скарачэння ў іх не было б, гэта проста блеф для таго, каб неяк апраўдаць свае правалы», – лічыць генерал-маёр СБУ ў запасе Віктар Ягун.

Паводле брытанскай выведкі вакол сталіцы Украіны бліжэйшымі днямі могуць разгарнуцца жорсткія баі.

На Луганшчыне ад абстрэлаў загарэліся школа, жылыя будынкі ды нафтасховішча. На Данеччыне расейскія войскі выкарысталі фосфарныя снарады, прынамсі 15 асобаў параненыя, сярод іх шасцёра дзяцей.

Істотных зменаў у пазіцыях бакоў, паводле ўкраінскага Генштабу, не адбылося.

«Вораг робіць захады для перагрупавання і фармавання груповак Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі з мэтай вядзення наступу ва Усходняй аперацыйнай зоне. Зафіксаванае перакіданне часткі войскаў і тэхнікі ворага з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь на тэрыторыю РФ чыгуначным транспартам», – паведамляе Генштаб ЗСУ.

Апроч таго на палескім кірунку з тэрыторыі Украіны праз чарнобыльскую зону расейцы выводзяць войскі, паведамляе Генштаб.

Ва Украіну прыйшоў першы груз зброі супраць танкаў, самалётаў і ракетаў ад Злучаных Штатаў. Пра дадатковы пакет дапамогі заявіў прэм’ер-міністр Аўстраліі.

«Сёння я абвяшчаю пра дадатковы пакет абарончай ваеннай дапамогі для абароны вашай радзімы. У яго ўвойдуць тактычныя пасткі, беспілотныя паветраныя і наземныя комплексы, харчовыя наборы і медыкаменты. А таксама мы абяцаем, што калі свабода пераможа, Аўстралія дапаможа народу Украіну аднавіць краіну», – заявіў Скот Морысан.

Два гуманітарныя калідоры ўзгаднілі з расейскім бокам – з Энэргадару і Марыупалю.

«Сёння ўначы мы атрымалі паведамленне ад міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа пра тое, што Расейская Федэрацыя пацвярджае гатовасць адкрыць доступ да гуманітарнай калоны ў горадзе Марыупаль з транзітам праз горад Бярдзянск. Па маршруце да Марыупалю адпраўляем 45 аўтобусаў», – паведаміла віцэ-прэмʼер Украіны Ірына Вэрэшчук.

Улады Марыупалю заяўляюць, што расейскія войскі прымусова вывезлі каля сарака тысяч жыхароў гораду.

«Расея часова акупавала частку тэрыторыі Марыупалю на ўскраінах, і гэта пераважна ўсходняя, паўночная і трохі паўночна-заходняя частка. Гэта тая частка, што цяпер акупаваная, і адтуль Расея цяпер ажыццяўляе дэпартацыю нашых жыхароў у кірунку непрызнанай ДНР ці ў кірунку Расеі», – кажа віцэ-мэр Марыупалю Сяргей Арлоў.

Размініраванне праходзіць у Трасцянцы Сумскай вобласці, які амаль месяц заставаўся пад кантролем расейскіх войскаў. Паводле абласных уладаў захопнікі замініравалі нават могілкі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»