Ці змогуць санкцыі цалкам забіць дрэваапрацоўванне ў Беларусі?


Заходнія санкцыі насуперак выхвалянню прапагандыстаў і чыноўнікаў Лукашэнкі б‘юць па беларускай эканоміцы ўсё мацней. Не сталася выняткам і галіна дрэваапрацоўвання, якая яшчэ летась ставіла рэкорды прыбытковасці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Яшчэ летась нашая краіна, адным з галоўных багаццяў якой заўжды быў лес, актыўна лысела. Тады, карыстаючыся рэкорднымі ўсясветнымі цэнамі на драўніну, Беларусь нагандлявала ёю амаль на тры мільярды долараў ЗША. Сёлета ж, дзякуючы заходнім санкцыям, з‘явіўся шанец, што новых лясных праплешынаў з’явіцца на парадак меней. Гэтак, услед за Лясной апякунчай радай (FSC) свае сертыфікаты для беларускіх і расейскіх палетных і біяпаліўных прадпрыемстваў адклікала і міжнародная Праграма ўстойлівай біямасы (SBP).

«У Беларусі з 15 сакавіка аніводны орган сертыфікацыі не мае права выдаваць сертыфікаты FSC далей. Акрамя гэтага, з улікам немагчымасці правядзення праверак, бо ASI прыпыніла акрэдытацыю, FSC прыняло рашэнне аб адкліканні сертыфікатаў, выдадзеных раней на ўсёй тэрыторыі Беларусі», – кажа каардынатар FSC у Беларусі.

Сертыфікат FSC, сярод іншага, пацвярджае легальны шлях драўніны і ахову працы на прадпрыемстве – паказнікі, надзвычай важныя для многіх спажыўцоў, найперш у высокаразвітых краінах.

«На мінулы месяц у Беларусі парадку 95,5 адсотка было сертыфікавана FSC. Акрамя гэтага было выдадзена 285 сертыфікатаў. Ланцужкі паставак (гэта ўжо не звязана з лесакарыстаннем), якія пакрывалі парадку 490 прадпрыемстваў, найбуйнейшых дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў у Беларусі», – тлумачыць Федаровіч.

У выніку санкцыяў шлях у Еўрапейскі Звяз, куды летась ішло больш за палову экспарту, цяпер для беларускага дрэваапрацоўніка закрыты. Улады нашае краіны праблему прызнаюць, але адразу ж супакойваюць: маўляў, не хочуць адныя купляць, знойдзем іншых, не праблема!

«Нічога экстраардынарнага не адбываецца. Так, еўрапейскі вектар мы будзем мяняць на азіяцкі рынак. Так, сапраўды аўтамабільны транспарт у частцы экспартнай адгрузкі будзе змяняцца на чыгуначны транспарт. Так, напэўна, давядзецца нашую пілапрадукцыю звозіць на станцыі па пагрузцы і грузіць у кантэйнеры і адпраўляць у Кітайскую Народную Рэспубліку», – супакойваў у адмысловым відэазвароце яшчэ 10 сакавіка міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа.

Вось толькі аптымізм чыноўнікаў падзяляюць далёка не ўсе. Няма адказу, як кампенсаваць сыход з нашае краіны шведскай карпарацыі-гіганта «IKEA», якая дагэтуль шчыльна працавала з цэлым шэрагам беларускіх вытворцаў і фабрык. Таксама ажно 42 беларускія заводы, якія спецыялізаваліся на вытворчасці пелетаў для Заходняй Еўропы, ЗША і Японіі, сёння чакаюць свайго закрыцця: на азіяцкім рынку гэты від паліва папросту непатрэбны. Дый які эканамічны сэнс цягнуць драўніну ажно ў Кітай, у якога пад бокам – расейскі лес?

«Побач з Кітаем не папросту Расея! Побач з Кітаем – тайга! І яны там даўно ўжо знайшлі магчымасці вывозіць з Расеі кругляк, што самае таннае, і перапрацоўваць яго ўжо на кітайскіх прадпрыемствах, ствараючы працоўныя месцы для кітайцаў», – тлумачыць эканаміст Леў Марголін.

Бадай, адзінае, у чым апытаныя намі эксперты бачаць тут сапраўды пазітыў для Беларусі, – гэта магчымасць аднавіцца беларускім лясам. Для краіны партызанаў гэткая перспектыва і пагатоў вельмі важная.

Валера Руселік, «Белсат»