ByPol пацвердзіў, што дыверсіі на чыгунцы ладзяць удзельнікі плану «Перамога»


У Беларусі на чыгуначных станцыях яшчэ да вайны расейскія войскі сустракалі хлебам-соллю. Ва Украіне ж з-за расейскага ўварванне чыгуначныя станцыі перапоўненыя ўцекачамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Аднак далёка не ўсе беларусы гатовыя спакойна назіраць за тым, што з нашае тэрыторыі ва Украіну ў тым ліку чыгункаю перамяшчаюцца войскі ды тэхніка агрэсара. За апошні месяц была пашкоджаная інфраструктура як мінімум на чатырох чыгуначных перагонах і трох чыгуначных пунктах прыпынку. Аб‘яднанне былых беларускіх сілавікоў «Байпол» пацвярджае, што дыверсіі ладзяць удзельнікі плану «Перамога». Аляксандр Азараў кажа:

«У нас ёсць пацверджаных дзесьці 10 акцый, якія былі праведзены з канца лютага па цяперашні час. Рэсурс наш не вычарпаны, людзі нашы не затрыманыя. І яны гатовыя працягваць, і мы будзем працягваць далей дапамагаць нашым украінскім калегам у барацьбе з расейскай акупацыяй».

Аб актыўных і бескампрамісных дзеяннях рэйкавых партызанаў сведчыць і падзяка ад кіраўніка Украінскай чыгункі Аляксандра Камышына свядомым беларускім чыгуначнікам за спыненне руху з Беларусі ва Украіну, і хваля хаатычных затрыманняў сілавікамі Лукашэнкі работнікаў Беларускай чыгункі.

Паводле «Байполу», чыгуначнікаў затрымліваюць прэвентыўна для таго, каб яны не адмаўляліся выконваць злачынныя загады па суправаджэнню расейскай тэхнікі. Іх прыводзяць у кабінет і прымушаюць запісаць пакаяльныя відэа. Прад’явіць ім крымінальныя або адміністратыўныя артыкулы не могуць. І на гэтым усё заканчваецца.

Па інфармацыі суполкі чыгуначнікаў, кіраванне цягнікамі фактычна пераведзенае ў ручны рэжым, рух даводзіцца рэгуляваць сцяжкамі. Знішчаныя дарагія рэлейныя шафы, на аднаўленне якіх ужо не хапае запасных дэталяў. А якая практычная карысць украінскаму боку ад дзеянняў беларускіх рэйкавых партызанаў?

У «Байполе» кажуць, такія акцыі прыводзяць да таго, што рух цягнікоў вельмі запавольваецца, утвараюцца коркі. З-за апошняй акцыі затрымка руху склала двое содняў. Дзякуючы гэтаму ўкраінцы могуць засяродзіцца на баявых дзеяннях з той расейскай тэхнікай, якая не атрымала падмацавання, да якой не даехала ні паліва, ні боепрыпасы.

Пра затрыманні чыгуначнікаў, заўважаных раней у пратэстах, на страйках, тых, хто фатаграфуе расейскую тэхніку ці проста падпісаны на каналы, абвешчаныя экстрэмісцкімі, паведамляюць і праваабаронцы. Яны заклікаюць сваякоў і знаёмых затрыманых не маўчаць, перадаваць інфармацыю ў праваабарончыя арганізацыі ды не баяцца, што такі зварот пагоршыць прававы стан затрыманага, бо практыка і досвед кажуць пра адваротнае.

«Калі мы не гаворым пра праблему, калі мы не называем канкрэтных выпадкаў і не выносім гэтую праблему на агульнае абмеркаванне, то яна дакладна не будзе вырашацца», – кажа праваабаронца Павел Сапелка.

Суполцы ж беларускіх чыгуначнікаў перадалі інфармацыю, што па рэйкавых партызанах пад Бабруйскам сілавікі адкрылі агонь. Гэта адбылося ўчора ўначы на перагоне Савічы – Беразіно. Дыверсантам удалося раскрыць рэлейныя шафы, падпаліць адну з іх ды ўцячы ад пераследу.

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»