«Адзін з наглядчыкаў – з садысцкімі парывамі». Новыя сведчанні пра здзекі і катаванні на Акрэсціна


Бесчалавечныя ўмовы, мэтанакіраваны здзек з жанчын. За нацыянальны сцяг на акне ўласнай кватэры Кацярыну на 13 содняў адправілі ў ізалятар на вуліцы Акрэсціна.

«Адзін з надзірацеляў з садыстычнымі парывамі. Вось гэта гісторыя, пра якую распавядаюць дзяўчаты пра вядро хлёркі ў камеру, гэта яго такі фірмовы знак», – сведчыць Кацярына.

Але знайсці выратаванне ад акрэсцінскай канцэнтраванай хлёркі на верхніх нарах не было магчыма. Там была яшчэ горшая ўдушлівасць:

«Пацёк нос, да раніцы мы ўсе былі з распухлымі тварамі і чырвонымі вачыма. Мне падаецца, гэта было не хлёрка, яны нешта распылілі, нейкі газ».

І гэта не канец здзекаў. Цэлую ноч жанчынам не давалі хадзіць у прыбіральню, пры тым што ў камеры была пажылая асоба з гемароем і дзяўчына з крытычнымі днямі. Надзіральнік адмаўляўся выдаць туалетную паперу. А 22-гадовую дзяўчыну на 8 дзён пасадзілі ў карцар проста за яркую аблічнасць: пірсінг, татуіроўкі і дрэды.

«І гэты не было нейкім пакараннем за паводзіны. Проста яе туды памясцілі. Яна сядзела 8 дзён, ваду ёй прынеслі толькі на пяты. У камеры вада была адключаная. На пяты дзень ёй прынеслі пяцілітровік з вадой, і ёй сказалі: «Ты толькі ня пі, там раней хлёрку разводзілі», – распавядае Кацярына.

Пасля выхаду з ізалятару здзек працягнуўся: Кацярыну праз пошту забавязалі заплаціць дзяржаве за ўтрыманне ў зняволенні.

Здзекуюцца ж не толькі на Акрэсціна. Журналіста-палітвязня Андрэя Аляксандрава, а таксама ягоную сяброўку Ірыну Злобіну ў СІЗА № 1 паставілі на ўлік як «схільных да экстрэмізму».

«Цяпер іх будуць вадзіць на нейкія гутаркі, увесь час будзе больш пільны нагляд за імі, і ўсё гэта, безумоўна, перакачуе ў калоніі, калі журналісты атрымаюць прысуд», – адзначае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Раней такі статус атрымала наша калега Кацярына Андрэева. Ейны адвакат Сяргей Зікрацкі распавёў, што ў турэмнай картцы журналісткі запісалі: «змагарка». А сёння самога Сяргея Зікрацкага выключылі з калегіі адвакатаў, забараніўшы займацца прафесійнай дзейнасцю.

«Безумоўна, гэта помста Сяргею за яго прафесіяналізм, за яго прынцыповую пазіцыю падчас абароны Каці», – каментуе Ігар Ільяш, муж палітзняволенай Кацярыны Андрэевай.

Напярэдадні на 9 дзён у карцар змясцілі палітвязня Міколу Дзядка – за тое, што адказаў на вокліч «Жыве Беларусь».

Сёння ягонага бацьку, былога суддзю Аляксандра Дзядка выклікалі ў Следчы камітэт. Спадар Аляксандр упэўнены: усіх, хто займаецца палітычным пераследам, у будучыні чакае справядлівае пакаранне:

«Я адно магу сказаць гэтым людзям: ім трэба задумацца пра тое, што будзе далей».

Напярэдадні дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен прэзентаваў даклад Дзяржаўнага дэпартаменту пра сітуацыю з правамі чалавека ў розных краінах свету. У раздзеле пра Беларусь сярод іншага адзначаюць катаванні, беспадстаўныя забойствы сілавікамі ды пераслед журналістаў.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»