Антываенны кандыдат здаў подпісы ў расейскі Цэнтрвыбаркам


Расейскі Цэнтрвыбаркам скончыў прыём подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты Расеі. 100 тысяч подпісаў прынёс у ЦВК Барыс Надзеждзін. Ён адзіны з зарэгістраваных прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла, хто выступае за спыненне расейскай агрэсіі супраць Украіны. Якія імёны апынуцца ў выбарчым бюлетэні?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Цэнтральная выбарчая камісія Расеі пачала вывучаць подпісы Барыса Надзеждзіна. Улады маюць 10 дзён, каб вырашыць, ці рэгістраваць яго кандыдатам на прэзідэнцтва. У ЦВК Надзеждзін прынёс 25 каробак са 105 тысячамі подпісаў. І гэта палова з усіх сабраных яго камандай у Расеі.

Надзеждзін у чарговы раз нагадаў, што яго ініцыятыўная група была адзінай, каля якой выстройваліся чэргі з ахвочых паставіць подпісы. Паводле свежых апытанняў агенцтва «Russian Field», за Надзеждзіна гатовыя прагаласаваць каля 10 працэнтаў грамадзян. Паводле папулярнасці ён выйшаў на другое месца пасля Уладзіміра Пуціна.

«Ці не баюся я стаць палітвязнем? Я стану прэзідэнтам і вызвалю ўсіх палітвязняў!» – заявіў у ЦВК Надзеждзін.

Праўладныя сацыялагічныя кампаніі ВЦИОМ і ФОМ не публікуюць рэйтынгаў кандыдатаў з самага пачатку прэзідэнцкай кампаніі. Але цэнтральныя расейскія тэлеканалы ўжо пачалі ачарняць Надзеждзіна.

Барыс Надзеждзін.
Фота: BorisNadezhdin / Telegram

«Пад выглядам збору подпісаў актывуюцца сеткі навальнятаў, Хадаркоўскага, украінскіх спецслужбаў! А каардынуе гэта ўсё грамадзянін Ізраілю Кац! Добры такі кандыдат!» – абурыўся напярэдадні ў сваёй перадачы расейскі прапагандыст Уладзімір Салаўёў.

Прадстаўнік ліберальнай партыі «Грамадзянская ініцыятыва» і маскоўскі муніцыпальны дэпутат Надзеждзін – адзіны з прэтэндэнтаў у кандыдаты, які асуджае поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну. Ён заклікае спыніць агонь і пачаць перамовы.

«Прынцыпова важна, каб людзі не забівалі адзін аднаго. А дзе пройдзе мяжа – таксама важнае пытанне, але давайце спачатку прыярытэты расставім», – заклікаў падчас свайго стрыму Барыс Надзеждзін.

Аб добраахвотным выхадзе з перадвыбарнай гонкі заявіў у сераду прэтэндэнт у кандыдаты, які прынёс у ЦВК подпісы за сваё вылучэнне. Кіраўнік малавядомай «Расейскай партыі свабоды і справядлівасці» Андрэй Багданаў заявіў, што ў яго ёсць незакрыты рахунак у замежным банку.

«Я напісаў гэтую заяву. Я здымаюся ні пад кога. Нашая партыя, Расейская партыя свабоды і справядлівасці, у 2026 годзе пойдзе на выбары», – аб’явіў Багданаў.

А вось расейскі нацыяналіст Сяргей Бабурын хоць і прынёс подпісы за сваё вылучэнне, але зняўся з прэзідэнцкай гонкі на карысць Уладзіміра Пуціна. І не ўпусціў магчымасці кінуць пагрозы ў бок Украіны.

«У сітуацыі жорсткай вайны Захаду супраць Расеі, крыві, якую ўкраінскія нацысты праліваюць у многіх гарадах і сёлах Расейскай Федэрацыі, я прымаю, магчыма, самае няпростае рашэнне ў сваім жыцці», – зачытаў сваю заяву Бабурын.

З выбарчай кампаніі выбылі таксама б’юці-блогерка Рада Рускіх і экаактывіст Анатоль Баташаў – яны не прынеслі неабходнай колькасці подпісаў.

«Навошта вы прынеслі чатыры пустыя каробкі?», – запытала Баташава журналістка.

«Яшчэ якія пытанні ёсць?» – праігнараваў яе экаактывіст.

На вечар серады расейскі Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў чатырох кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Адзін з іх – гэта Уладзімір Пуцін, які вылучаецца ўжо на 5 тэрмін. Паводле выбарчага штабу Пуціна, за яго вылучэнне падпісаліся ажно тры мільёны грамадзянаў. ЦВК таксама зарэгістравала прадстаўніка «сістэмных» расейскіх лібералаў Уладзіслава Даванкова, камуніста Леаніда Харытонава і кіраўніка ЛДПР Леаніда Слуцкага. Да 10 лютага стане вядомы канчатковы спіс кандыдатаў. Агітацыйная кампанія пачнецца 17-га чысла.

Аляксандр Папко, «Белсат»