Футбольны «Шахцёр» могуць пазбавіць залатых медалёў?


Правяранні ў офісе футбольнага «Шахцёра». Дырэктара клубу Аляксандра Марчанку ў выніку забралі сілавікі. Следчы ж камітэт справаздачыўся: заведзеная крымінальная справа супраць неназванага прадстаўніка «Шахцёра».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь: «Выяўлены факт аказання супрацьпраўнага ўплыву на вынік матчу чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболе сярод камандаў найвышэйшай лігі. У дачыненні прадстаўніка футбольнага клубу “Шахцёр” узбуджаная крымінальная справа паводле ч.1 арт. 14, ч. 1 арт.253 (“Замах на подкуп удзельнікаў спартовых спаборніцтваў”)».

Адметна, што тыдзень таму ў Менску быў затрыманы спартовы дырэктар «Шахцёра» Уладзімір Нідэргаўс. Яго вінавацяць у нібыта махлярстве. А яшчэ раней з’явілася заява расейскага футбольнага агента і юрыста Антона Смірнова, які прадстаўляе інтарэсы аднаго з трэнераў «Шахцёра» Валерыя Чыжова.

«У салігорскім “Шахцёры” квітнее чорная бухгалтэрыя, – упэўнены Смірноў. – Прэміяльныя плацяцца наяўнымі ў канверце, заработную плату ўсталёўваюць вышэйшую за ліміты, прадугледжаныя заканадаўствам РБ, завабліваючы такім чынам да сябе гульцоў і трэнераў, а потым не выконваюць абавязкаў аб выплаце, прыкрываючыся лімітамі на выплаты. Будзем звяртацца ў пракуратуру».

Зрэшты, пра гэта пішуць ужо даўно. Нібыта падвойная бухгалтэрыя клубу з Салігорску дазваляе яму абыходзіць фінансавыя абмежаванні, накладзеныя на каманды найвышэйшай лігі. Нездарма «Шахцёр» выйграе чэмпіянат краіны ўжо тры гады запар.

«Дзяржаўны клуб – дзяржаўныя грошы. І раптам зʼяўляецца другі рахунак, другі бюджэт. Зразумела, што гэта не можа адбывацца без ухвалення гендырэктара “Беларуськалія” Галаватага, які зʼяўляецца гарантам і патронам дзейнасці гэтага клуба», – разважае прадстаўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасці Міхаіл Залеўскі.

Футбольны арбітр Віталь Аніхімоўскі лічыць, што разам з фінансавым чыннікам прэсінг на «Шахцёра» можа быць звязаны з уплывам канкурэнтаў на чэмпіянаце. У прыватнасці, менскага «Дынама», якое мае адміністрацыйны рэсурс.

«Два варыянты бачу тут: нейкія фінансавыя працэсы не дайшлі куды трэба, або менскае “Дынама” павінна трапіць у тройку прызёраў. Нават такой цаной. І магчыма мы ўсе будзем усміхацца, але ўбачым што па выніках мінулага сезону «Дынама» заняло трэцяе месца. А можа нават і першае месца, калі раптоўна высветліцца што “Энергетык” нешта “прыдумаў”, або БАТЭ», – кажа Аніхімоўскі.

Раней усе прэтэнзіі да «Шахцёра» разбіваліся аб постаць Івана Галаватага, генеральнага дырэктара «Беларуськалію» – спонсара футбольнага клубу. Чаму цяпер не так?

«Той факт, што гэта стала магчымым, ужо гаворыць пра тое, што нейкую частку ўплыву Галаваты ўсё ж страціў. Але я думаю, што ўсё роўна ён застаецца ўплывовым чалавекам. Ягоная блізкасць да сямʼі Лукашэнкі і ангажаванасць рэжыму зробяць сваю справу – на нейкім этапе працэс спыніцца», – лічыць Міхаіл Залеўскі.

Пакуль выглядае на тое, што загадкавай асобай, да якой мае прэтэнзіі Следчы камітэт, можа быць спартовы дырэктар Уладзімір Нідэргаўс або дырэктар Аляксандр Марчанка. Сілавікі не даюць каментароў. Затое казахстанскія інтэрнэт-рэсурсы пішуць, што нарадзінца Казахстану і грамадзяніна Нямеччыны Нідэргаўса маюць неўзабаве дэпартаваць з Беларусі. Галоўны рэдактар by.tribuna.com Алег Гаруновіч мае пытанні:

«Замест таго каб прыцягнуць да адказнасці, яго хочуць выслаць. Чаму? Хто за яго заступіўся? Ці заступіцца хто за Марчанку? Гэта ўсё робіць сітуацыю вельмі непрадказальнай. Тут жа яшчэ фігуруе асоба спадара Галаватага, якая пакуль ніяк не называецца».

Што тычыцца самога футбольнага клубу «Шахцёр», то за аказанне ўплыву на вынік неназванай гульні чэмпіянату яму можа пагражаць вялікі штраф, мінус пятнаццаць пунктаў у наступным сезоне і нават страта сёлетняга чэмпіёнскага тытулу. З апошнім Алег Гаруновіч не згодны.

«Мне здаецца, што “Шахцёр” пастараюцца абараніць ад пазбаўлення тытулу. Але можа быць пазбаўленне балаў на наступны чэмпіянат. Тады Салігорск выпадзе з чэмпіёнскай гонкі, бо я не прыпомню, каб ён мог выйграць чэмпіянат апошнім часам, набраўшы на 16 балаў больш чымся іншая каманда».

На думку апытаных экспертаў, гісторыя далёкая ад завяршэння і можа прыняць нечаканы абарот найбліжэйшым часам.

Ян Федаровіч, «Белсат»