30 гадоў таму была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце


Дзясяткі дэманстрантаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі: так сустракалі дэпутатаў Вярхоўнага Савету ХІІ склікання на цяперашняй плошчы Незалежнасці ў Менску 30 гадоў таму – 27 ліпеня 1990 года яны прынялі Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.

Парад суверэнітэтаў – так называлі жаданне савецкіх рэспублік вырвацца з гэтак званай турмы народаў: Савецкага Саюзу. Але БССР наважылася на такі крок толькі дзясятай: Вярхоўны Савет прыняў дэкларацыю насуперак камуністычнай большасці, пад ціскам дэпутатаў апазіцыі.

«У лексіку вярнуліся паняткі «суверэнітэт» і «незалежнасць». Бо гэтых слоў, як чорт ладану, баялася тая наменклатура, якая складала 90 %. Хоць там у нас і былі саюзнікі, і з іх дапамогай і ўдалося абвясціць незалежнасць. І гэта самае галоўнае», – узгадвае дэпутат Вярхоўнага савету ХІІ склікання Лявон Баршчэўскі.

Гэтак, упершыню з часу БНР 1918 года Беларусь атрымала магчымасць займець усе атрыбуты незалежнай дзяржавы: Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце стала падмуркам першай Канстытуцыі незалежнай краіны, дзяржаўнымі сімваламі зацвердзілі герб Пагоню і бел-чырвона-белы сцяг, а беларуская мова атрымала статус адзінай дзяржаўнай.

«Тое, што адбылося ў гісторыі, здараецца аднойчы на сто і нават тысячу гадоў, калі цэнтр імперыі выступіў за яе мадэрнізацыю. Бо без абвяшчэння незалежнасці Расеі нашая незалежнасць засталася б у найлепшым выпадку на паперы, а ў найгоршым – ніхто б не абвяшчаў. І вельмі добра, што апазіцыя на платформе БНФ магла гэта прадбачыць і падрыхтавала ўсе неабходныя дакументы», – дзеліцца ўражаннямі дэпутат Вярхоўнага савету ХІІ склікання Алег Трусаў.

Дзень 27 ліпеня быў прызнаны дзяржаўным святам і выходным днём. Але ўжо ў 1996 годзе – рэферэндумам – свята незалежнасці было дапасаванае да дня вызвалення Менску ад нацыстаў, 3 ліпеня. Цяперашняя ўлада пастанавіла сцерці з гісторыі сучаснай Беларусі ўсе даты яе новай незалежнасці дзеля інтарэсаў гэтак званай Саюзнай дзяржавы – з «мытнымі прасторамі», «эканамічнымі саюзамі» і вайсковымі хаўрусамі.

«Ні ў Канстытуцыі Беларусі – нават у версіі 1996 года – ні ў Канстытуцыі Расейскай Федэрацыі няма згадак пра Саюзную дзяржаву, што Расея ці Беларусь маюць права ўступаць у такую Саюзную дзяржаву. Гэта антыканстутыцыйны акт з моманту падпісання. І таму любы Канстытуцыйны суд пры дэмакратычнай уладзе, які прыступіць да сваіх абавязкаў, ён проста скажа, што гэтая дамова нядзейсная ад моманту свайго падпісання», – кажа Лявон Баршчэўскі.

Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце спрычыніла незалежную краіну – Рэспубліку Беларусь. Аднак пагроза дзяржаўнасці за 30 гадоў ня толькі не сышла ў нябыт, але яшчэ больш абвастрылася – як вынік шматгадовай ды штучнай прывязанасці да Расеі, кажа адмысловец.

«Цалкам пагроза нікуды не падзелася. Больш за тое: мітусня, звязаная з выбарамі, адціснула на другі план пытанне рэферэндуму па Канстытуцыі, а гэта велізарная небяспека. Бо нават некалькі словаў, змененых у Канстытуцыі, могуць несці вялікую пагрозу для дзяржавы і незалежнасці нацыі», – кажа метадолаг і палітолаг Уладзімір Мацкевіч.

Незалежнасць Беларусі – каштоўнасць, якая ня ўпала ў рукі сама. Але цяпер перад намі застаецца ня менш важная задача – захаваць яе.

Галіна Абакунчык, «Белсат»