Аб'ектыў 09.11.2019 30 гадоў пасля падзення Берлінскай сцяны: у заходніх і ўсходніх немцаў дагэтуль розны менталітэт


Вулічная выстава, прысвечаная падзенню Берлінскага муру ў нямецкай сталіцы. 9 лістапада 2019 года. Фота – Наста Кахановіч / «Белсат»

Пабудаваная ў 1961 годзе сцяна дзяліла Берлін на дзве часткі. Цяпер ад яе засталіся каменьчыкі на асфальце. А каб трапіць у Заходні Берлін, дастаткова толькі зрабіць крок. Але 43 гады таму мастачцы Марыне Пруфэр, каб выехаць з ГДР, давялося хавацца ў багажніку аўтамабіля. Будучыні для сябе ва ўсходнім Берліне яна не бачыла.

«Я заўжды захаплялася маляваннем, яшчэ ў школьныя часы. Мне было цікава ўсё крэатыўнае, хоць самога слова «крэатыўнасць» у ГДР не існавала. У той час патрабавалі не быць творчым і не быць самастойным. А выконваць свае абавязкі згодна з планам і інструкцыямі», – узгадвае мастачка Марына Пруфэр.

Бярлінскі мур сёння. 9 лістапада 2019 года. Фота – Наста Кахановіч / «Белсат»

Афіцыйна выехаць з ГДР спадарыні Марыне не ўдалося: яе заяўку на выезд не задаволілі. Толькі цяпер жанчына разумее, што калі б засталася, то звар‘яцела.

«У маёй справе, якую я ўзяла ў «Штазі», было напісана, што я мушу прайсці дэмаралізацыю. Гэта такі набор метадаў, каб зламаць волю чалавека. З гэтай справы я таксама ведаю, што яны хадзілі ў маю кватэру, яны зрабілі ключы ад яе, яны кантралявалі мяне, зазіралі нават у мае шафы», – узгадвае мастачка Марына Пруфэр.

Штазі, або Міністэрства ўнутранай бяспекі, такім чынам дэмаралізавала некалькі тысячаў чалавек. Гэтак спецслужбы змагаліся з апазіцыянерамі ды нядобранадзейнымі грамадзянамі. Ажно да канца 80-х.

Рэпартаж Насты Кахановіч глядзіце ў поўным выданні навінаў за 9 лістапада

На фоне палітыкі перабудовы ў Савецкім Саюзе і руйнавання вугорска-аўстрыйскіх памежных збудаванняў, немцы пачалі масава выходзіць на пратэсты. У выніку чаго 9-га лістапада 1989 года кіраўніцтва ГДР дазволіла сваім грамадзянам свабодна перасоўвацца паміж дзвюма часткамі Нямеччыны.

Нямецкія маладзёны, якія нарадзіліся пасля падзення сцяны, спрабуюць уявіць, як гэта – жыць у краіне, дзе ёсць, мякка кажучы, пэўныя абмежаванні. Пра ГДР яны ведаюць з падручнікаў. Але і сёння дзеляць немцаў на заходніх і ўсходніх.

«Я заўважаю розніцу. Напрыклад, у мяне ёсць аднакласніца, чые бацькі паходзяць з Захаду, і яна паводзіць сябе трошачкі па-іншаму. Але мне здаецца, што пакрысе гэта знікае», – кажа школьніца Ешэ Ванічэк.

«Можа быць, гэта гучыць прадузята, але людзі ва ўсходнім Берліне больш жорсткія. Калі, напрыклад, зайсці ў нейкую кавярню, яны не будуць ветліва запытваць, чаго пакупнік жадае, а проста скажуць: што табе трэба? Маўляў, замаўляй ужо, я не маю часу», – кажа школьніца Эльза Шымкус.

Аўтамабіль «Трабант» падчас параду на былым памежным пераходзе паміж Усходняй і Заходняй Германіяй у мястэчку Модларойт з нагоды 30-й гадавіны падзення Берлінскай сцяны. 9 лістапада 2019 года. Фота – Dawid W Czerny / Reuters / Forum

Пісьменніцкі семінар для школьнікаў адбываецца ў межах вялікай праграмы імпрэзаў, прысвечанай 30-годдзю падзення Сцяны. Адна з выкладчыц, аўтарка Кірстэн Фукс, лічыць, што вельмі важна, каб дзеці разумелі гісторыю.

«Я сама паходжу з «чырвонай» сям’і, у мяне шмат сваякоў былі ў партыі, нават у Штазі. Цяпер пра гэта не вельмі любяць размаўляць, але я лічу, што гэтыя гісторыі трэба таксама распавядаць. І ўсё дзяцінства я шчыра верыла, што ГДР – гэта добра, і аднойчы мне раптоўна сказалі, што ГДР – зусім не добра, а мы ўсе толькі рабілі выгляд. Для мяне, 12-гадовай гэта быў шок», – кажа Кірстэн Фукс.

Цяпер парэшткі сімвалу савецкае жалезнае заслоны прыцягваюць перадусім турыстаў.Падзенне Сцяны стала знакавай падзеяй у еўрапейскай гісторыі ды паклала пачатак аб’яднанню ГДР І ФРГ. І менш чым праз год Нямеччына стала адзінай краінай.

Наста Кахановіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары