«Зрабіць усё, каб 2020 год не паўтарыўся»: вынікі 2023 года для Лукашэнкі


2024-ы ўжо на парозе. Традыцыйна напрыканцы года прынята падводзіць яго вынікі. Закрыццё мяжы з Еўразвязам, расейская ядравая зброя, ціск на нобэлеўскіх лаўрэатаў. Мы захацелі ўзгадаць, чым яшчэ быў адметны 2023 год для Беларусі і беларусаў.

У абвешчаны Аляксандрам Лукашэнкам Год міру і стваральнай працы рэжым працягнуў падтрымліваць расейскую агрэсію ва Украіне. Каля сямі тысячаў наймітаў Групы Вагнэра пасля няўдалага мяцяжу ў чэрвені прыбылі ў Беларусь. Цяпер, паводле ацэнак праекту «Беларускі Гаюн», іх засталося не болей за паўтысячы.

Вагнэраўцы трэнуюць лукашэнкаўскіх сілавікоў, іхны сцяг лунае на вучэннях спецназу, а камандуючага ўнутранымі войскамі Мікалая Карпянкова заўважылі з адмысловым шаўронам.«У цэлым кантроль, скажам, над беларускай нават ваеннай машынай яны не ўзялі. Нават яшчэ пры жыцці Прыгожына», – адзначыў палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст.

Акрамя вагнэраўцаў, з Расеі ў Беларусь прыбыла і тактычная ядравая зброя. Але кантроль за гэтаю зброяй, якую Лукашэнка ўжо лічыць сваёй, усё ж такі захоўвае Расея. Пра гэта неаднаразова заяўлялі ў Крамлі. Сам жа факт размяшчэння зброі ў Беларусі сведчыць пра яшчэ большую залежнасць рэжыму ад расейскіх уладаў, мяркуе Юрый Дракахруст:

«Вось калі войскі стаяць – проста, асабліва без статусу, яны прыйшлі, а потым сышлі. А вось калі ядравая зброя ёсць. Нават Лукашэнкі не будзе. Не так проста сказаць: а вось вы яе забярыце. Ну, гэта не так лёгка будзе».

У лютым расейскі вайсковы самалёт на аэрадроме ў Мачулішчах атакавалі дроны. А Лукашэнка пазней забараніў беспілотнікі для фізічных асобаў. Тыя, што ёсць, загадалі здаць на захаванне ў «Белаэранавігацыю». А каб новыя не трапілі ў Беларусь з Еўразвязу, мытнікі пачалі правяраць пасылкі. У перспектыве незаконнае выкарыстанне дронаў можа абярнуцца крымінальнаю справаю.

Каментар
Дракахруст пра падзеі года: вагнэраўцы, ядравая зброя, раскол «BYPOL», ліквідацыя партыяў
2023.12.30 17:23

Паехаць з Беларусі ў Еўразвяз зрабілася яшчэ складаней. У лютым Польшча закрыла пункт пропуску «Баброўнікі», а ў жніўні падобныя захады прыняла і Літвы. Улады краіны праз пагрозу з боку наймітаў групы Вагнэра закрылі памежныя пераходы «Шумскас» і «Твярачус».

Рашэнне ж Варшавы было рэакцыяй на жорсткі вырак палітвязню Анджэю Пачобуту – 8 гадоў калоніі.

Дзесяць гадоў зняволення прысудзіў сёлета рэжым нобэлеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму – быццам за кантрабанду і фінансаванне беспарадкаў.

«Лукашэнка, асудзіўшы Бяляцкага, вырашыў падвысіць стаўкі, пэўна, чакаючы, што з боку Захаду будуць цікавыя для яго прапановы, і ў яго атрымаецца абмяняць вызваленне Бяляцкага на нешта прыгожае. Але Захад, наколькі мы бачым з публічных крыніцаў, не гатовы гандлявацца на гэты конт», – мяркуе гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Але прадстаўнікі рэжыму працягваюць ціск на нобэлеўскіх лаўрэатаў. Цяпер яны хочуць адабраць у выбітнай пісьменніцы Святланы Алексіевіч менскую кватэру, набытую за грошы ад Нобэлеўскай прэміі па літаратуры 2015 года.

Тыя ж беларусы, якія ўцяклі ад рэпрэсіяў за мяжу, сутыкнуліся з праблемамі ў афармленні дакументаў. Абмяняць пашпарт або скласці даверанасць, паводле загаду Лукашэнкі, можна толькі ў Беларусі. І гэта, лічыць Аляксандр Фрыдман, асабістая помста праціўнікам рэжыму.

Распраўляецца Лукашэнка і з палітычнымі апанентамі ўнутры краіны. Сёлета ў Беларусі зліквідавалі ўсе апазіцыйныя партыі.

«Зрабіць усё, каб 2020 год хоць у нейкай ступені не паўтарыўся. Таму і палітычнае жыццё фактычна стэрыльнае. Тыя палітычныя партыі, якія ў Беларусі існавалі, – яны фактычна пасля 2020 года ні на што не ўплывалі, а іх знішчэнне – гэта фармалізацыя працэсу. Іншага меркавання, акрамя меркавання дыктатарскага рэжыму, існаваць не павінна», – патлумачыў Аляксандр Фрыдман.

Да будучых электаральных кампаніяў рэжым падрыхтаваўся і заканадаўча. Новы Выбарчы кодэкс, прыняты ў 2023 годзе, у прыватнасці забараняе рабіць фота і відэа запоўненых бюлетэняў. А неабходнасці публікаваць спісы чальцоў выбарчых камісіяў ён не прадугледжвае.

Каментар
Застой ці ўмацаванне аўтакратыі? Галоўныя ўнутрыпалітычныя вынікі 2023 года ў Беларусі
2023.12.30 15:00

Ірына Юр’ева, «Белсат»