Падарункі ад рэжыму: што зменіцца ў Беларусі з Новага 2024 году


Рост мінімальных заробкаў і базавай велічыні. А разам з тым – увядзенне падаткаў на багацце ды падвышэнне пенсійнага страхавога стажу. Якія падарункі на 2024-ы для беларусаў падрыхтаваў рэжым?

У новы год – з новаю базавай велічынёй. З 1 студзеня яна павялічыцца да 40 рублёў. Разам з ёю павысіцца не толькі памер розных выплатаў, такіх як дапамога па беспрацоўі ці стыпендыі, але і штрафы, мыты ў дзяржаўных установах, падаткі і зборы.

«Гэта звычайны працэс індэксацыі. Звязаны з ростам кошту жыцця ў Беларусі праз інфляцыю», – мяркуе эканаміст Алег Мазоль.

У студзені прыбаўку да заробку атрымаюць бюджэтнікі – іх у нашай краіне налічваецца каля васьмісот тысячаў чалавек. Падвышэнне звязанае з павелічэннем памеру базавай стаўкі – з двухсот трыццаці пяці да двухсот пяцідзесяці рублёў. Таксама вырасце мінімальны заробак – на 13 адсоткаў – і складзе 626 рублёў ці амаль 172 еўры паводле цяперашняга курсу.

Для параўнання, у суседняй Літве з новага года гэты паказнік у 4 разы большы – 700 еўраў, у Польшчы – большы амаль у 6 разоў – 975 еўраў. Нягледзячы на такую розніцу з суседзямі, падвышэнне заробку для беларусаў досыць адчувальнае і вынікае, паводле эканаміста Льва Львоўскага, з дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне.

«Мы знаходзімся ў такім пункце, калі на пенсію выходзіць адносна шматлікае пакаленне, а ў працаздольны ўзрост уваходзіць малалікае пакаленне людзей, народжаных у 1990-х… Ну і паводле законаў эканомікі, калі нейкага тавару становіцца менш, ён пачынае каштаваць даражэй. А гэта, у дадзеным выпадку, праца беларусаў», – кажа эканаміст, старэйшы навуковы працаўнік BEROC Леў Львоўскі.

Каб збалансаваць колькасць працаздольных і непрацаздольных, улады чарговы раз падвышаюць пенсійны страхавы стаж. Цяпер, каб пачаць атрымліваць працоўную пенсію, ён павінен скласці 19 з паловаю гадоў замест дзевятнаццаці.

Аналітыка
7 рэчаў, якія трэба ведаць пра пенсію, нават калі не хочацца думаць пра старасць
2021.06.09 08:41

Паводле эканаміста Алега Мазаля, тыя беларусы, якія паводле новых правілаў не маюць адпаведнага страхавога стажу, трапляюць у пенсійную пастку.

«Яны не могуць прэтэндаваць на працоўную пенсію, ім могуць прызначаць толькі сацыяльную пенсію: і толькі пры ўзросце для мужчынаў 65 гадоў, для жанчын – 60. Памер сацыяльнай пенсіі складае 182 рублі. І за гэтыя грошы ім трэба аплочваць камунальныя паслугі, лекі, мінімальныя паслугі», – кажа эканаміст Алег Мазоль.

Пенсіі паводле ўзросту абяцаюць павялічыць на 15 адсоткаў, а вось наколькі падаражэюць жыллёва-камунальныя паслугі – яшчэ не агучылі. Але, згодна з ранейшым указам Лукашэнкі, іх рост не павінен перавышаць паловы базавай велічыні, то бок дваццаці рублёў.

«Калі будавалася БелАЭС, праводзілася цэлая прапагандысцкая кампанія аб тым, што кошт электраэнергіі і камунальных паслуг знізіцца. А ў выніку тарыфы на камуналку толькі падвышаюцца. У 2021 годзе тарыф на электраэнергію для дамоў, абсталяваных электраплітамі, складаў 18 капеек за кілават, а ў 2023 годзе – 21 капейку за кілават», – распавядае эканаміст Алег Мазоль.

Беларусаў з даходам большым за 200 тысячаў рублёў на год абавяжуць плаціць падаходны падатак памерам 25 адсоткаў. Таксама падвышаную стаўку – 30 адсоткаў – увядуць для індывідуальных прадпрымальнікаў з выручкаю большаю за 500 тысячаў рублёў на год.

«Такую выручку ў нас маюць тысяча-дзве індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэта людзі, якія займаюцца выключна аптовым гандлем. І гэта азначае забарону гэтым людзям займацца аптовым гандлем… Мы не можам гаворыць пра тое, што яны будуць плаціць гэты 30-адсоткавы падатак? Не. Яны ці будуць рабіць драбнейшы бізнес, ці пяройдуць у нейкую юрыдычную форму іншую», – кажа прадпрымальнік, блогер Аляксандр Кныровіч.

Яшчэ адно новаўвядзенне – уласнікам гандлёвых кропак дазволяць без узгаднення з чыноўнікамі падвышаць кошт кантраляваных тавараў на тры дзясятыя адсотка штомесяц. Паводле эксперта, гэта зроблена ў адказ на незадавальненне бізнесоўцаў ранейшым замарожваннем коштаў.

Hавiны
У Беларусі падвысяць падаткі на жытло, машыны, некаторыя даходы
2023.12.30 20:16

Наста Печанькова, «Белсат»