Польшча ўнесла ў санкцыйны спіс 12 парламентарыяў Лукашэнкі


Дванаццаць асобаў, чальцы гэтак званых Савету Рэспублікі ды Палаты прадстаўнікоў. Іх Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы ўнесла ў свой санкцыйны спіс. Падставаю для такой пастановы назвалі парушэнне правоў чалавека, у тым ліку шматлікія факты пераследу актывістаў Саюзу палякаў, незаконны арышт Анджэя Пачобута і Анджэлікі Борыс ды іншыя варожыя дзеянні рэжыму ў дачыненні Польшчы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Рашэнне ў адносінах да парламенту ці да яго чальцоў з’яўляецца вельмі важным таму, што яны пры маўклівай згодзе прымаюць тыя заканадаўчыя акты, якія ствараюць сістэму таталітарных рэпрэсій у нашай краіне», – лічыць прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету Беларусі ў пытаннях транзіту ўлады Павел Латушка.

У спісе ёсць былы дыпламат Андрэй Савіных, які займае пасаду старшыні Сталай камісіі ў міжнародных справах пры парламенце. Ён адметны сваімі заявамі ў падтрыманне расейскай агрэсіі. Вядомы лекар-трансплантолаг Алег Румо – чалец парламенцкага камітэту ў нацыянальнай бяспецы. З іншых больш-менш вядомых прозвішчаў у спісе: Сяргей Рачкоў ды беларускамоўны дэпутат Валерый Варанецкі.

«Цяжка сказаць, чаму адныя трапілі ў спіс, а іншыя – не. Яны ўсе аднолькава ніякія, – разважае Віталь Цыганкоў. – Яны ўсе – элементы тупой машыны для галасавання, якія павінныя націскаць кнопачкі. Яны не прапануюць законаў, яны не вылучаюцца нейкай актыўнасцю».

Зрэшты, спіс, напэўна, будзе папаўняцца. Павел Латушка працуе над выяўленнем асобаў, датычных знішчэння ў Беларусі польскіх могілак. А гэтаксама тых, хто прапагандуе і ўхваляе вайну Расеі супраць Украіны. У спісе суддзі, прапагандысты, чыноўнікі, дэпутаты. Польскі аглядальнік Міхал Патоцкі лічыць увядзенне новых санкцыяў цалкам імаверным:

«У прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету ёсць добрыя кантакты з польскім бокам, у тым ліку з міністэрствам унутраных справаў. Таму будуць новыя санкцыі. Тым больш, што калі ўжо быў зроблены першы крок у бок нацыянальнай санкцыйнай палітыкі, то чаму не рабіць наступных».

Да таго ж, Павел Латушка анансаваў супрацу Абʼяднанага пераходнага кабінету і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення з Украінай у пытанні прыцягнення вайскоўцаў Беларусі да крымінальнай адказнасці:

«Юрысдыкцыя Украіны дазваляе прыцягнуць асобаў за садзейнічанне агрэсіі. Нам вядома, што ў гэты спіс асобаў, якія могуць быць абвінавачаныя ў садзейнічанні агрэсіі супраць Украіны, унесена 48 вайскоўцаў. А гэтаксама кіраўнікоў раённага ўзроўню, якія спрыяюць агрэсіі, пачынаючы з 24 лютага».

Віталь Цыганкоў бачыць ужо ў самім факце такой супрацы надзвычай станоўчы момант:

«Такая ідэя супрацоўніцтва кабінета Ціханоўскай і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення з кіеўскімі ўладамі, безумоўна, станоўчая. Гэта трэба вітаць, гэта станоўчы крок, нейкі прагрэс у дадзеным выпадку».

Санкцыйны спіс быў створаны польскім бокам яшчэ ў красавіку і рэгулярна папаўняецца. Акрамя дванаццаці беларускіх парламентарыяў, цяпер у яго ўваходзіць цэлы шэраг расейскіх алігархаў, а гэтаксама фірмы і кампаніі, звязаныя з расейскім капіталам.

Ян Федаровіч, «Белсат»