Цэнтральны раён Гомля застаўся без цяпла


Цэнтральны раён Гомля амаль на некалькі гадзінаў застаўся без цяпла і гарачай вады. Прытым што тэмпература ў абласным цэнтры сёння трымалася на ўзроўні мінус чатыры градусы. Старшыня Гомельскага гарвыканкаму Уладзімір Прывалаў у сваім тэлеграм-канале растлумачыў адлучэнне ацяплення працамі для рэканструкцыі ўчастку цеплавой сеткі і добраўпарадкаваннем плошчы Паўстання. Аднак у самым гарвыканкаме пра тое, што казаў і пісаў іхны старшыня, не ведаюць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На дадзены момант я вам не падкажу чаму на Савецкай няма ні вады, ні святла… Гэта вам трэба недзе ў ЖКГ пытацца», – паведамляюць у гарвыканкаме.

Тым часам у ЖКГ не бяруць слухаўкі. Тэлефануем у «Гомельаблцяплосетку»:

«На вуліцы Савецкай мы не працуем. Які дом на Савецкай? Хто вам даў наш тэлефон? Што растлумачыць?»

Пацвердзілі факт камунальных нязручнасцяў з прычыны рэканструкцыі плошчы Паўстання нам толькі ў жыллёвым рамонтна-эксплуатацыйным трэсце «Цэнтральнае». Сярод шматлікіх адміністрацыйных будынкаў без цяпла і гарачай вады засталіся і яслі-дзіцячы садок нумар 73. Праўда, там загадзя перайшлі на альтэрнатыўнае ацяпленне. А вось жывёлінам і працаўнікам галоўнага цырку Гомля не пашанцавала.

У галоўнага інжынера ўстановы мы запыталіся, што будзе з жывёлаю, калі да 18-ай гадзіны ацяплення не дадуць:

«Ды вы што! Яны ўсё змерзнуць! Гэта будзе вялікая праблема. Тут цеплалюбівыя таксама ёсць. І малпы, і тыгры, і львы. Мы іх… проста памяшканні вялікія. Мне нават проста няма чым іх нагрэць».

Батарея, отопление, коммунальные услуги, коммуналка
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рукі на батарэі. Менск, Беларусь. 2 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

У рэшце цяпло далі нават раней за належны тэрмін. Але ў тым жа цырку нават такое кароткае адлучэнне выклікала ў працаўнікоў вялікі стрэс. Чым кіраваліся чыноўнікі?

«Гэта сведчыць пра тое, што пагаршаецца ўвогуле якасць дзяржаўнага кіравання. Інвестыцыі ў мадэрнізацыю жыллёва-камунальнай гаспадарцы і гэтых цеплавых сетак. Бо сродкі пераразмяркоўваюцца на іншыя мэты. Ну і мы бачым, на якія. На сілавікоў, на ідэалогію. Вось помнік нейкі ўсталёўваюць. Замест таго, каб улетку заняцца рамонтам і рэканструкцыяй гэтых цепласетак. Бо калі іх правяраць пастаянна, то камунальнікі ведаюць слабыя гэтыя месцы», – кажа эксперт у самакіраванні, былы дэпутат Мастоўскага раённага савету дэпутатаў Дзмітрый Кухлей.

Яшчэ 8-га жніўня Уладзімір Прывалаў на апаратнай нарадзе з гарадскімі службамі запатрабаваў, каб да ацяпляльнага сезону на 100 адсоткаў падрыхтаваліся да 1-га верасня. Паводле гомельскага выдання «Флагшток», праект рэканструкцыі ўчастку цеплавой сеткі і рэканструкцыі плошчы Паўстання, на якія спасылаўся чыноўнік Прывалаў, насамрэч звязаныя з устаноўкаю на плошчы помніку «генацыду беларускага народу».

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»