«Ты вяртаешся ў хату – і там цябе нехта чакае» – сёння Міжнародны дзень хатніх жывёлінаў


Пакаёвыя расліны засталіся ў Беларусі, а двух сабак удалося забраць з сабою ў Беласток. Наталля Клімовіч мусіла з’ехаць з Берасця разам з мужам год таму. Пасля неаднаразовых адміністратыўных пакаранняў за ўдзел у паслявыбарчых акцыях сямʼя трапіла пад крымінальны пераслед.

«Пасля таго, як мы пайшлі на страйк, да нас прыйшлі з ДФР, апячаталі маёмасць, зрабілі ператрусы на працы і дома, забралі тэхніку кампʼютарную, тэлефоны – і мы вырашылі зʼехаць пасля гэтага», – распавядае Наталля Клімовіч.

Праблемаў з перавозам у Польшчу двух сабак не было, кажа актывістка:

«Сабакі ўжо мелі чыпы, мелі пашпарты ветэрынарныя беларускія. І ўсё, што трэба было зрабіць для адʼезду – зрабіць даведку ў дзяржаўнай ветлячэбніцы, пра тое, што яны на гэты момант здаровыя, і што ў іх дзейныя неабходныя прышчэпкі».

Гэтаксама лёгка сваіх жывёлінак перавёз у Вільню Георгій Лазарук, хоць гэта даволі экзатычныя для Беларусі чылійскія вавёркі.

«Яны мае сябры, я іх люблю, мне з імі добра, вельмі спакойна», – кажа Георгій.

Пасля таго, як малады біёлаг далучыўся да звароту навукоўцаў Акадэміі навук, дзе ён працаваў, давялося пакінуць Беларусь.

«На мяжы трэба было паведаміць памежнікам, што вязу вавёрак. Яны накіравалі да ветэрынара. Той даў талончык, з ім вярнуўся да памежнікаў, і яны накіравалі аплаціць падатак. На вавёрак у выніку ніхто не зірнуў», – распавядае Георгій Лазарук.

Што да жывёліны на мяжы пытанняў можа быць менш, чым да чалавека, пацвярджае і Вікторыя Андруковіч, якая мусіла зʼехаць ад пераследу ў Вільню з адным заплечнікам. А ўлюбёную котку Ліру праз мяжу ёй прывезла маці.

«Яе пыталі: чаму, што, куды яна едзе. Яна нават плакала на мяжы, каб проста праехаць, і яе ўрэшце прапусцілі. А наконт коткі ёй сказалі, што веткантроль закрыты, праязджайце», – кажа актывістка.

Міграцыю, тым больш вымушаную, паводле ўзроўню стрэсу псіхолагі параўноўваюць са стратаю блізкага чалавека. Адаптацыя можа зацягнуцца да года.

«Як бы ні падтрымлівалі валанцёры, дыяспара, куды ён трапляе, проста блізкія людзі, сябры, сямʼя, – усё адно ў гэтым перыядзе адаптацыі вельмі шмат момантаў, калі чалавек застаецца сам-насам з праблемай», – адзначае псіхолаг Ала Марціновіч.

У падобнай сітуацыі менавіта хатні гадаванец можа моцна дапамагчы.

«Гэта штосьці сапраўды такое, што грэе кожны дзень, бо ты вяртаешся ў хату – і там цябе хтосьці чакае. І гэта, здаецца, вельмі важна для беларусаў, якія тут адны і трапілі ў такую сітуацыю, што не могуць пабачыцца з роднымі», – кажа Вікторыя Андруковіч.

У Міжнародны дзень хатніх жывёлінаў, як і ў кожны іншы дзень, хочацца, каб кожны хатні гадаванец быў побач са сваім гаспадаром.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»