Выдавецтва «Кнігазбор» зліквідавалі


У Беларусі на яшчэ адно прыватнае выдавецтва стала меней. Улады канчаткова зліквідавалі «Кнігазбор», пра што паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook’у дырэктар выдавецтва Генадзь Вінярскі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Усё, і юрыдычна выдавецтва “Кнігазбор” няма. Эпоха “Кнігазбору” (17.03.1995 – 26.10.2023)».

Выдавецтва паўстала 28 гадоў таму і за гэты час выдала блізу трох тысяч найменняў кніг. Адзін з галоўных праектаў – «Беларускі кнігазбор». Фактычна, залатая калекцыя твораў класікаў беларускай літаратуры. Колькасць надрукаваных у яе межах тамоў перавысіла сотню.

«Гэта такі самы важны праект выдавецтва “Кнігазбор”. Тым не менш выдавецтва надрукавала мноства іншага важнага. Яны пачыналі серыю “Беларускія мастакі” разам з “Беллітфондам”. Выдавалі даследаванні эмігранцкіх выданняў. Гэта значнае выдавецтва, і мне дзіўна казаць пра яго ў мінулым часе», – шкадуе рэдактарка выдавецтва «Gutenberg Publisher» Валянціна Андрэева.

Кнігі з серыі «Беларускі кнігазбор».
Фота: выдавецтва «Кнігазбор»/Facebook

Праблемы ў «Кнігазбору» пачаліся ў 2021 годзе. Тады Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК забраў тэхніку і заблакаваў рахунак выдавецтва. Пазней разблакавалі, аднак у наступным годзе Міністэрства інфармацыі прыпыніла дзейнасць «Кнігазбору». Цяпер выдавецтва зліквідавалі канчаткова.

«Вельмі прыкра, што ўнутры краіны становіцца ўсё менш магчымасцяў для легальнага існавання беларускай кнігі, для друку. Думаю, нам трэба стварыць у замежжы як мага больш апораў для існавання беларускай культуры. Нашая задача – стварыць максімальную падтрымку для тых, хто знаходзіцца ўнутры краіны», – разважае старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай.

«Кнігазбор» – далёка не адзіны прыклад барацьбы з любымі праявамі беларушчыны. Улады ўжо спынілі дзейнасць амаль усіх айчынных прыватных выдавецтваў. Сярод іх – «Янушкевіч», «Галіяфы», «Лімарыус». Некаторыя, праўда, здолелі перанесці сваю дзейнасць за мяжу.

«Працаваць у Польшчы ў некаторых момантах лягчэй. Перш за ўсё дзякуючы таму, што няма ніякіх абмежаванняў – ідэалагічных, цэнзурных, – кажа Валянціна Андрэева. – За тое, што робіш, ты нясеш адказнасць перад самім сабою, перад чытачом, які дасць ацэнку пакупкай або непакупкай кніг».

Валянціна Андрэева, якая раней працавала ў «Кнігазборы», дадае, што ёсць сталы запыт на беларускамоўныя кнігі. Прычым як у Беларусі, так і за межамі, сярод палітычных ды эканамічных уцекачоў з нашай краіны. Таму справа беларушчыны, распачатая ў тым ліку з дапамогаю «Кнігазбору», будзе пашырацца.

Ян Федаровіч, «Белсат»