Беларусак зноў прымушаюць нараджаць


Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі непакояцца дэмаграфічным пытаннем. Прапановы чыноўнікаў па рашэнню гэтай праблемы сапраўды ўражваюць: ад увядзення крымінальную адказнасць за прапаганду бяздзетнасці – да арганізацыі паездак самотных беларусак ва Узбекістан, дзе нібыта колькасць мужчынаў перавышае лічбу жанчын.

«Часики тикают». Наталля Качанава зноў загаварыла аб праблеме дэмаграфіі. Чыноўніца заклапочаная тым, што беларускі пазней выходзяць замуж – ажно ў 27 гадоў, і як вынік – пазней нараджаюць.

«У нас нараджальнасць вельмі невысокая. У прынцыпе, гэта праблема назіраецца не толькі ў Беларусі, і ў іншых еўрапейскіх краінах, але ў нас гэта становіцца ўсё больш крытычна», – кажа эканамістка, старэйшая навуковая працаўніца Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна.

Згодна з статыстыкаю Белстату за мінулы год, беларусы сталі пазней брацца шлюбам. Гэтак, у сярэднім жанчына ўпершыню выходзіць замуж у 26 з паловаю гадоў, а мужчына – амаль у 29. Пры гэтым у параўнанні з еўрапейскімі краінамі гэты паказнік расце даволі павольна. Напрыклад, у суседняй Літве жанчыны ўпершыню выходзяць замуж у 28, у Эстоніі – у 30, сярод рэкардсменак – немкі ды шведкі, – 32 і 35 гадоў адпаведна.

«Чым лепшую чалавек атрымлівае адукацыю, тым больш ён думае аб сваіх будучых даходах, на што ён будзе ўтрымліваць сваю сям’ю: у сувязі з гэтым ён абдуманней падыходзіць да пытання шлюбу», – мяркуе Настасся Лузгіна.

Выпраўляць праблему чыноўнікі збіраюцца з дапамогаю Праваслаўнай Царквы. Прадстаўнікі духавенства мусяць прышчапіць беларускім жанчынам правільныя сямейныя каштоўнасці. «Размовы пра важнае: шчаслівае сямʼя – моцная дзяржава» пройдуць па ўсёй краіне, у тым ліку сярод маладых дзяўчат і нават дзяцей дашкольнага ўзросту. Эфектыўнасць такіх крокаў ставіць пад сумнеў праваслаўны святар Георгій Рой.

«Маладыя пары не надта хочуць браць царкоўны шлюб, а значыць, не надта прыслухоўваюцца да меркавання царквы. А таму думаць пра тое, што святар прыйдзе на сустрэчу з жанчынамі і дзяўчатамі, і яны раптам зменяць сваё меркаванне, – па меншай меры наіўна», – кажа праваслаўны святар Георгій Рой.

Калабарацыя чыноўнікаў з духавенствам у прасоўванні «традыцыйных каштоўнасцяў» можа стаць яшчэ адным крокам да прыняцця Закону аб прапагандзе ЛГБТ-супольнасці ды чайлдфры, пра рыхтаванне якога на пачатку верасня заявіла Генеральная пракуратура Беларусі.

«Яны не вельмі хочуць яго прымаць афіцыйна. Магчыма, з-за таго, што хочуць мець магчымасць атрымаць нейкія грошы ад Еўразвязу на праграмы так званай сексуальнай адукацыі ў школах, якія будуць заключацца ў прасоўванні гэтага ўсяго», – кажа беларуская кўір-актывістка Паша Джэжора.

Пры гэтым рэжым абмяжоўвае беларусак ня толькі ў выбары сямейнай мадэлі, але і ў прафесійнай сферы. Напрыклад, паводле ўсё той жа Качанавай, палітыка і прэзідэнцтва – справа выключна мужчынская. Такія наратывы чыноўніца прасоўвала ў эфіры БТ падчас запісу дзіцячай праграмы «100 пытанняў даросламу».

«Шкляная столь у Беларусі існуе. Існуюць забабоны: што жанчына не можа быць не толькі прэзідэнткай краіны, але і, напрыклад, прэзідэнткай кампаніі, што павінна больш часу праводзіць з дзецьмі», – кажа кўір-актывістка Паша Джэжора.

Пакуль унутры краіны голас беларусак прыглушаны, яны гучна заяўляюць пра свае правы за яе межамі.

Наста Печанькова, «Белсат»