Ці ўступіць Беларусь у вайну: прагнозы палітолагаў


У літоўскім Коўне праходзіць штогадовы міжнародны кангрэс даследнікаў Беларусі. Сотні навукоўцаў з розных краінаў абмяркоўваюць беларускую гісторыю, культуру, сацыялогію і, вядома ж, палітычную сітуацыю. Нашыя карэспандэнты скарысталі нагоду і пагутарылі з аналітыкамі, якія ўдзельнічаюць у кангрэсе. Спыталіся пра імавернасць уступлення Беларусі ў вайну, пагрозу ядравага канфлікту і пра тое, што зменіцца ў Беларусі, калі Украіна пераможа.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ад гісторыкаў да палітолагаў і эканамістаў. Навукоўцаў з розных галінаў сабраў дзясяты кангрэс даследнікаў Беларусі ў Коўне. Сёлета імпрэза адбываецца на фоне небывалага палітычнага крызісу і чутак пра ўцягванне нашае краіны ў вайну. Ці кіне Лукашэнка беларускае войска супраць Украіны? Гэтае пытанне мы задалі палітолагам, якія былі на форуме. На думку Валера Карбалевіча, такі сцэнар малаверагодны. Бо ў беларускім грамадстве пануюць антываенныя настроі.

«Супраць удзелу Беларусі ў вайне выступаюць як праціўнікі, так і прыхільнікі Лукашэнкі. І працаўнікі дзяржапарату, і нават сілавікі. Лукашэнка гэта разумее – і таму будзе супраціўляцца да апошняга ўцягванню Беларусі ў гэтую вайну», – мяркуе Валер Карбалевіч.

Лукашэнка ўсведамляе, што перамога Расеі ў вайне малаверагодная, мяркуе палітолаг Андрэй Казакевіч. І таму рэжым Беларусі не спяшаецца ўмешвацца ў канфлікт. Бо пасля паразы саюзніка Лукашэнку таксама давялося б панесці адказнасць за агрэсію. Скептычна ставіцца Андрэй Казакевіч і да імавернасці ўжывання ядравай зброі.

«Калі мы кажам пра тактычныя ўдары па тэрыторыі Украіны, то гэта не дазволіць выйграць вайну, гэта відавочна. Але пры гэтым прынцыпова пагоршыць сітуацыю для Расеі. Будуць новыя санкцыі, будуць новыя праблемы. Можна чакаць росту і ўнутраных палітычных праблемаў. Можна трапіць у сапраўдную замежнапалітычную ізаляцыю», – кажа палітолаг Андрэй Казакевіч, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера».

Гэта значыць, што ў выпадку ядравых удараў ад Пуціна адвярнуцца нават тыя краіны, што пакуль яму сімпатызуюць. А параза Расеі ў звычайнай вайне прывядзе да палітычных зрухаў у Беларусі. У гэтым апытаныя намі палітолагі, бадай што, не маюць сумневаў.

«Ваенная параза Расеі ва Украіне прывядзе да рэзкага аслаблення пуцінскага рэжыму. А гэта будзе азначаць сур’ёзны падрыў таго грунту, на які абапіраецца палітычны рэжым Лукашэнкі. То бок расейскага падтрымання. Гэта пацягне за сабой аслабленне лукашэнкаўскага рэжыму. Вось гэта можна прагназаваць дакладна», – упэўнены Валер Карбалевіч.

Перамены ў Беларусі пасля паразы Расеі ў вайне могуць адбывацца паступова, кажа Андрэй Казакевіч. Па меры таго, як Крэмль будзе канцэнтравацца на ўнутраных праблемах і скарачаць фінансаванне свайго беларускага саюзніка. Тады менскаму рэжыму давядзецца шукаць кампрамісаў.

«Найбольш імаверна – гэта вымушаная неабходнасць пачынаць нейкі дыялог з Захадам. Трэба будзе рабіць саступкі. Больш ці менш значныя ў пытаннях дэмакратызацыі, вызвалення палітвязняў і ўсяго таго, што ставілася на парадку дня Еўразвязам і Злучанымі Штатамі пасля жніўня 2020 года», – прагназуе Андрэй Казакевіч.

Прагучалі падчас кангрэсу і меркаванні наконт прычынаў цяперашняй вайны Расеі супраць Украіны. Яны, на думку даследніка Сержа Наўродскага, кіраўніка цэнтру сацыяльна-эканамічнага аналізу «CASE Belarus», ляжаць не толькі ў палітычнай, але і ў эканамічнай плоскасці.

«Адна з важных прычынаў, чаму вайна адбылася, – гэта адсутнасць эканамічных рэформаў. Эканамічныя рэформы ёсць падмуркам для развіцця жыцця. Яны мусяць стварыць дастатковы ўзровень багацця людзей, каб тым не хацелася ваяваць. Я разумею, што гэта банальнае сцверджанне, але гэта праўда. Яно працуе», – сказаў Серж Наўродскі ў інтэрвʼю «Белсату».

То бок рэформы і рост дабрабыту людзей на постсавецкай прасторы – зарука таго, што падобныя войны не будуць паўтарацца ў будучыні.

Ганна Русінава, Валянцін Васіленка, «Белсат»