Беларусы не прызнаюць Лукашэнку


«Не прызнаем перасідэнта» – пад такім лозунгам прайшла акцыя непрызнання дзейнай улады каля офісу Еўрапейскай камісіі ў Вільні. Яе ўдзельнікі далучыліся да збору подпісаў пад петыцыяй аб непрызнанні Лукашэнкі і ягонага ўраду.

Партрэты Аляксандра Лукашэнкі з надпісамі «тэрарыст» і «кілер» ды застрэленага сілавікамі айцішніка Андрэя Зельцара. Каля офісу Еўракамісіі ў Вільні беларусы далучыліся да збору подпісаў пад петыцыяй. Дакумент заклікае ЗША і краіны Еўразвязу да афіцыйнага непрызнавання рэжыму Лукашэнкі.

«На жаль, у сусветнай супольнасці да гэтага часу з ім размаўляюць, часам як з адзінай легітымнай уладай. Мы заклікаем Еўразвяз і ўсіх людзей, якія могуць нас пачуць, сказаць, што Лукашэнка не з’яўляецца ні прэзідэнтам, ні прадстаўніком легітымнай улады», – падкрэсліла кіраўніца грамадскай арганізацыі «Дапамога» Наталля Калегава.

На гэты момант петыцыя сабрАла каля 12 тысяч подпісаў.

Тым часам стаўленне да Лукашэнкі ў Беларусі застаецца нязменным – гэта вынікае з чарговага апытання «Chatham House» – Каралеўскага інстытуту міжнародных дачыненняў. Даследаванне праводзілася з 23 ліпеня да 3 жніўня праз онлайн-панэлі сярод гарадскіх жыхароў.

«Палова беларусаў хоча сыходу Лукашэнкі. Аляксандр Лукашэнка не выйграў выбараў у 20 годзе і наўрад ці выйграў бы выбары, калі б яны адбываліся сёння ці заўтра», – адзначыў эксперт «Chatham House» Рыгор Астапеня. Тым ня менш, Аляксандр Лукашэнка застаецца ў спісе найбольш пазнавальных беларускіх палітыкаў.

У патыліцу яму дыхаюць Святлана Ціханоўская і Віктар Бабарыка. Нягледзячы на тое, што Віктар Бабарыка асуджаны і застаецца за кратамі, траціна апытАных лічыць яго найбольш годным прэзідэнцкай пасады. А вось давер да дзяржаўных органаў захоўваецца на нізкім узроўні. Войску давяраюць толькі 33 адсоткі апытАных, а прэзідэнту, міліцыі, судам і дзяржаўным медыям – яшчэ менш, канстатуюць сацыёлагі.

«Гэта вельмі нізкія лічбы, і мы бачым, што гэта паказвае тую глыбіню палітычнага крызісу, які цяпер ёсць у Беларусі», – кажа Рыгор Астапеня. Значна вышэйшую планку даверу трымаюць незалежныя медыі, праваабаронцы ды прафсаюзы. Аднак апошнім часам яны зазнаюць няспынны пераслед уладаў.

Між тым, нягледзячы на ўвядзенне Дня народнага адзінства і прамовы пра еднасць, грамадства застаецца расколатым. Паводле «Chatham House», 36 адсоткаў беларусаў па-ранейшаму выступаюць за перамены, столькі ж займае нейтральную пазіцыю. Бастыён Лукашэнкі складае 28 адсоткаў. Прыхільнікі абодвух бакоў ня чуюць адзін аднаго, лічыць Рыгор Астапеня і падкрэслівае, што без пераадолення расколу Беларусь ня можа рухацца ў будучыню.

Ігар Станкевіч, «Белсат»