19 верасня ў Швейцарыі пачнуць судзіць Юрыя Гараўскага


У Швейцарыі 19-га верасня пачнецца першы працэс у справе гвалтоўных знікненняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Судзіць будуць былога байца спецыяльнага атраду хуткага рэагавання Юрыя Гараўскага паводле швейцарскага Крымінальнага кодэксу ў межах універсальнай юрысдыкцыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта азначае, што людзей, якія здзейснілі злачынства на тэрыторыі адной краіны, могуць судзіць за гэтыя злачынствы паводле законаў іншых краінаў», – тлумачыць юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Пра датычнасць да выкраданняў апазіцыйных палітыкаў у 1990-ых у Беларусі Юрый Гараўскі публічна заявіў чатыры гады таму.

«Тут во забілі, і тут, атрымліваецца, метраў 200 дарога, крыху ў лес – метраў 20, тут забілі Ганчара і Красоўскага, а тут недзе метраў за 50 была выкапаная яма, падрыхтаваная ўжо», – паказваў Юрый Гараўскі фотаздымкі мапаў.

Былы кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў і дзеяч апазіцыі Юрый Захаранка знік у траўні 1999-га. Былы старшыня Цэнтрвыбаркаму Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмент Лукашэнку, і ягоны сябар, бізнесовец Анатоль Красоўскі – у верасні таго ж года. Зніклыя былі небяспечныя для Лукашэнкі, кажа дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька:

«Яны мелі большы патэнцыял як палітыкі, у іх была лепшая кампетэнцыя, лепшы досвед, і яны былі не менш харызматычныя. І гэта здарылася перад прэзідэнцкай кампаніяй».

Юрый Гараўскі.
Фота: «Deutsche Welle»

Спробы сваякоў атрымаць інфармацыю пра зніклых былі безвыніковыя. Праз дзесяць гадоў – у 2019-ым – Следчы камітэт паведаміў аб прыпыненні расследавання. За магчымую датычнасць да стварэння эскадрону смерці і знікнення апанентаў Лукашэнкі чатырох асобаў, якія займалі высокія пасады ў сілавых структурах, залучылі ў чорны спіс Еўразвязу, трапілі яны і пад санкцыі ЗША. Гэта былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Віктар Шэйман, былыя міністры ўнутраных справаў Уладзімір Навумаў і Юрый Сівакоў ды Дзмітрый Паўлічэнка, які камандаваў брыгадаю спецназу ўнутраных войскаў. Аднак у нядаўнім інтэрв’ю СТВ Паўлічэнка чарговы раз адмаўляў свой удзел у палітычных забойствах:

«Мы сапраўды ў свой час вельмі жорстка наводзілі парадак у краіне. Гэта шмат каму не падабалася. І прыдумалі вельмі шмат легендаў і казак, нейкіх зніклых. Ну вось колькі іх шукаюць. Ужо ўсю Беларусь, мусіць, перакапалі, перашукалі, ужо кожнага беларуса спыталі. Ну і дзе яны?»

Пасля прызнання Юрыя Гараўскага дочкі зніклых – Алена Захаранка і Валерыя Красоўская – падалі крымінальныя пазовы, якія падтрымалі некалькі праваабарончых арганізацыяў. Гэты працэс, незалежна ад прысуду, зрушыў з мёртвага пункту справы пра зніклых палітыкаў, а суд над грамадзянінам Беларусі з выкарыстаннем механізму ўніверсальнай юрысдыкцыі за гвалтоўнае знікненне – прэцэдэнт для праваабарончых ініцыятываў.

«Дабіваемся ў многіх дзяржавах магчымасці прымяняць такога роду механізмы, якія дазволілі б прыцягваць у парадку ўніверсальнай юрысдыкцыі да адказнасці людзей, датычных да катаванняў і жорсткага бесчалавечнага абыходжання ў дачыненні беларусаў у 2020-м і наступных гадах», – кажа Павел Сапелка.

Юрыю Гараўскаму паводле абвінавачвання ў датычнасці да неаднаразовага выкрадання людзей можа пагражаць ад аднаго да 20-ці гадоў зняволення. Пракуратура запрасіла для яго год пазбаўлення волі і два гады ўмоўна. Сам жа былы спецназавец разлічвае на ўмоўны тэрмін.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»