Як вучацца дзеці сям'і Лукашэнкі


Прыватная школа ў Драздах зарабляе больш як мільён долараў за год, пры гэтым беспадстаўна бярэ дзясяткі тысяч долараў з дзяржаўнага бюджэту. Нічога дзіўнага, калі яе заснавальніца – Ірына Абельская, маці Мікалая Лукашэнкі, а сам Мікалай скончыў школу з залатым медалём. Каманда Беларускага расследавальніцкага цэнтру даведалася, як дзеці беларускай эліты – такой, якая яна ў Беларусі ёсць, – вучацца ў найлепшых умовах, што ствараюцца за кошт беларускіх падаткаплатнікаў.

Дзеці чыноўнікаў, бізнесоўцаў, сілавікоў, сямʼя самога Аляксандра Лукашэнкі – такі кантынгент Менскай міжнароднай гімназіі. Прыватную школу заснавала Ірына Абельская, маці Мікалая Лукашэнкі, хутка пасля супольнай з Аляксандрам Лукашэнкам паездкі ў Аўстрыю. Чарговы прыклад таго, як набліжаныя да самаабвешчанага прэзідэнта атрымліваюць эксклюзіўныя ўмовы для сваіх бізнесаў, у новым расследаванні паказвае каманда Беларускага расследавальніцкага цэнтру.

«Рэжым Лукашэнкі будуецца на тым, што самыя грашовыя кавалкі бізнесаў размяркоўваюцца паміж набліжанымі бізнесоўцамі ці чыноўнікамі. Ірына Абельская не проста нейкая бізнесоўка ці доктарка, а дакладна маці ягонага малодшага сына, мы гэта пацвердзілі дзякуючы інфармацыі ад кіберпартызанаў», – расказвае журналістка Беларускага расследавальніцкага цэнтру Ксенія Вязнікоўцава.

Трыццаць тысячаў квадратных метраў, а на іх – два чатырохпавярховыя корпусы школы, стадыён, пляцоўка для баскетболу, міні-футболу і гандболу, гімнастычнае мястэчка. У будынку – радыёвузел, фота- і кіналабараторыя, пакой з навучальнаю зброяй і шмат іншага. Будаваў элітную школу расейскі мільярдэр Міхаіл Гуцэрыеў.

«Міхаіл Гуцэрыеў – гэта адзін з нешматлікіх расейскіх алігархаў, якія ўвайшлі ў сяброўскія стасункі з Аляксандрам Лукашэнкам», – тлумачыць журналістам намеснік галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Арцём Гарбацэвіч.

Менавіта гэты выключны супольны праект Абельскай і Гуцэрыева прыдаўся ў 2020 годзе, калі Мікалай Лукашэнка забраў дакументы з Ліцэю БДУ.

«Цяпер мы дакладна можам казаць, што ў Менскай міжнароднай гімназіі вучыўся Мікалай Лукашэнка, малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі, – працягвае Ксенія Вязнікоўцава. – Ён там вучыўся апошнія два гады і менавіта гэтую гімназію сёлета скончыў з залатым медалём».

Год навучання ў Менскай міжнароднай школе каштуе каля трох тысяч долараў. Паводле падлікаў Беларускага расследавальніцкага цэнтру, установа зарабляе больш за мільён долараў за год. Але гэта не перашкаджае ёй ствараць найлепшыя ўмовы для сям’і Лукашэнкі за кошт падаткаплатнікаў. Беларускі расследавальніцкі цэнтр знайшоў доказы таго, што на патрэбы гімназіі з дзяржаўнага бюджэту выдаткоўваліся дзясяткі тысяч долараў.

«Калі мы рабілі расследаванне, разглядалі розныя тэндары Менскай міжнароднай гімназіі, нас зацікавіла тое, што, напрыклад, тэхніка – ноўтбукі, капіявальныя машыны, музычныя цэнтры – былі аплочаныя з дзяржаўнага бюджэту, то бок гэта грошы беларускіх падаткаплатнікаў», – распавядае Ксенія Вязнікоўцава.

Апроч гэтага, беларускі падаткаплатнік кампенсаваў установе школьнае харчаванне на суму паўтары тысячы долараў штомесяц – з фармулёўкаю «для дзяцей з малазабяспечаных і шматдзетных семʼяў ды іншых ільготнікаў». У самой школе сцвярджаюць, што ільготнікі ў іх не вучацца. Нават прыбіралі тэрыторыю школы за дзяржаўныя грошы.

«Хутчэй за ўсё, там быў нейкі адмысловы акт, адмысловая пастанова, недзе працягнулі ў нейкую інавацыйную праграму, каб знайсці гэтыя грошы ў бюджэце і вылучыць на гэтую прыватную школу. То бок, відавочна быў нейкі вось такі схематоз, і недзе дамовіліся чыноўнікі з уладальнікамі гэтай школы», – кажа ў расследаванні заснавальнік праекту «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін.

Што пра фінансаванне з бюджэту кажа сама Ірына Абельская, чаму яна насамрэч не зарабляе на элітнай школе, а таксама ў якіх умовах пачынаў вучыцца Мікалай Лукашэнка і дзе вучыліся і вучацца дзеці з сям’і Лукашэнкі, глядзіце ў праграме «Давайце разбірацца» ў эфіры «Белсату».