«Мадам прэзідэнт» – так да Ціханоўскай звяртаюцца ў ЗША


«Гэта была вельмі цёплая і карысная сустрэча. Я ўдзячная Кандалізе Райс за ўсе ейныя парады. Яна выдатна ведае сітуацыю ў Беларусі і шчодра дзеліцца сваім вопытам», – гэтак Святлана Ціханоўская падзялілася ўражаннямі ад сустрэчы з былым дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райс.

45 хвілінаў. Столькі доўжылася спатканне, падчас якога яны абмеркавалі, як можна ўзмацніць ціск на рэжым і пры гэтым падтрымаць беларусаў унутры краіны. Сяргей Падсасонны з месца падзеяў.

Цэлы дзень Святлана Ціханоўская правяла і ў Крамянёвай даліне. Гэта сустрэчы з праграмістамі, навукоўцамі, а таксама з беларусамі, якія працуюць тут. Святлана Ціханоўская казала:

«Нам патрэбная вашая дапамога цяпер і ў новай Беларусі».

Таксама гаварылі пра тое, што варта стварыць працоўную групу, якая будзе змяняць Беларусь і рабіць з яе сапраўдную IT-краіну, а не прапаганду, пра якую кажа Аляксандр Лукашэнка. І таксама як паправіць тое, што было знішчана цягам апошняга года ў IT-сектары Беларусі.

«Чаму ў Беларусі сілавікі забілі гэтую індустрыю? Бо гэта індустрыя маладых людзей, якія пачуваюцца чальцамі сусветнай супольнасці, і яны глядзяць на сусветныя стандарты, сусветную этыку. І, вядома ж, старая індустрыя – людзі проста ходзяць на працу на які-небудзь завод, вяртаюцца дадому і жывуць у вузкім свеце. Вельмі важна развіваць глабальную індустрыю ў Беларусі, бо гэта будучыня», – адзначае Віталій Галомб з «Embarcadero Center».

Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларусамі ў Сан-Францыска, ЗША. 30 ліпеня 2021 года.
Фота: tsikhanouskaya / Telegram

Пасля сустрэчаў з беларусамі, якія працуюць у Крамянёвай даліне, Святлана Ціханоўская накіравалася ў Стэнфардскі ўніверсітэт. Гэта адзін з найбуйнейшых і найбольш вядомых прыватных даследчых універсітэтаў у ЗША. Тут да Святланы Ціханоўскай звярталіся «мадам прэзідэнт». Таксама ішла гаворка пра тое, якія могуць быць шляхі пераадолення беларускага крызісу.

«Пытанне Беларусі трывала стаіць на міжнародным парадку дня. І асабліва ў Злучаных Штатах, бо ЗША ўсё яшчэ маюць значны ўплыў у гэтай частцы свету. Я б вельмі не хацеў, каб амерыканцы ці еўрапейцы забыліся на тое, што ідзецца пра важную і надзённую барацьбу за дэмакратыю, якая ўсё яшчэ не закончылася», – кажа філосаф, палітолаг Фрэнсіс Фукуяма.

Пасля гэтай сустрэчы, дзе прамаўляла Святлана Ціханоўская, яна накіравалася на сустрэчу высокага ўзроўню з Кандалізай Райз. Менавіта тым самым дзяржсакратаром ЗША 2005–2009 гг. Гэта другая жанчына – дзяржсакратар у ЗША пасля Мэдлен Олбрайт.

«Мы казалі пра тое, як Злучаныя Штаты адстойваюць і падтрымліваюць людзей, якія змагаюцца за свабоду. Размова сапраўды атрымалася цудоўная. Я падтрымліваю народ Беларусі ў яго спробах нарэшце адстаяць свае правы. Я аднойчы назвала Лукашэнку апошнім дыктатарам Еўропы. І з таго часу прайшло ўжо шмат гадоў. Беларусы мусяць атрымаць свабоду!», – дзеліцца дзяржсакратар ЗША(2005–2009 гг.) Кандаліза Райс.

Завяршыла Святлана Ціханоўская свой візіт у Сан-Францыска сустрэчаю з беларускай дыяспарай. Гэта сталы пункт на мапе падарожжаў Святланы Ціханоўскай у розныя краіны. Людзі даязджалі з розных штатаў, з розных гарадоў, ехалі аўтамі, ляцелі самалётамі, каб сустрэцца са Святланай Ціханоўскай.

Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў ЗША:

  • «Дзівосная сустрэча. Мы вельмі гэтага чакалі. Гэта настолькі прыемныя адчуванні – быць вельмі блізка да выбранага намі прэзідэнта. Я вельмі ўражаны і натхнёны».
  • «Вельмі ёй удзячныя! Вялікі ёй дзякуй! Ганарымся… да Месяца і назад!».
  • «Прыйшло вельмі шмат людзей! Усе такія радасныя, зʼяднаныя! Цудоўна, што ў нас усіх адна мэта. Я вельмі радая, што нягледзячы на тое, што мы ўсе жывём за межамі Беларусі, дапамагаем як толькі можам».
  • «Я вельмі рады, што яна прыехала. Мне падалося, што яна даволі талкова адказвала на пытанні. І я вельмі рады, што яна сустрэлася з Байдэнам, спадзяюся, што ЗША працягнуць аказваць падтрымку Беларусі».

Сустрэча са Святланай Ціханоўскай сабрала шмат людзей і тут, у Сан-Францыска. Далей беларуская лідарка ляціць у Лос-Анджэлес. Гэта наступны пункт на мапе ейнага падарожжа. І там гэтае падарожжа завяршаецца.

Сяргей Падсасонны, «Белсат», Сан-Францыска.