Дабрачынны праект «еЗдароўе» пашырыўся да 60 спецыялістаў


Амаль за два месяцы свайго існавання новы онлайн-праект «ЕЗдоровье» забяспечыў працай каля шасцідзесяці спецыялістаў.

«Тым дактарам, якія хочуць у нас працаваць, мы заўсёды вельмі радыя і мы чакаем. Чым большай колькасці дактароў мы можам дапамагчы, тым лепш», – кажа адзін з заснавальнікаў Уладзімір Свіркоў.

Летась не згодныя з уладамі медыкі, як і тысячы іншых беларусаў, пачалі выходзіць на маршы пратэстаў. У выніку дзясяткі спецыялістаў па ўсёй краіне трапілі ў так званы чорны спіс Міністэрства аховы здароўя. Дактары засталіся без працы, а пацыенты – без якасных адмыслоўцаў. Гэта падштурхнула заснавальнікаў праекту «еЗдароўе» падтрымаць сваіх калегаў. Гэтак і з’явіўся першы ў Беларусі праект тэлемедыцыны.

Онлайн-пляцоўка дасяжная па адрасе Okdoc.me і дзее на ўмовах поўнай ананімнасці. Усе спецыялісты ад пачатку праходзяць верыфікацыю: ад іх патрабуюць дыпломы, рэкамендацыі ад калегаў ды іншыя доказы таго, што чалавек можа ажыццяўляць медычную практыку. Пасля звесткі выдаляюцца, і спецыяліст працуе пад нікнэймам. З пацыентамі, якія таксама маюць уласныя нікнэймы, яны камунікуюць праз чат на пляцоўцы. Але важна разумець, папярэджвае Уладзімір Свіркоў, што займацца паўнавартаснай медычнай дапамогай пакуль не дазваляе юрыдычны статус праекту.

«Вы атрымоўваеце параду ад чалавека, які мае медычную адукацыю. Гэта пра тое, што б вы маглі зрабіць. Таму гэта не ёсць медычным заключэннем, не ёсць падставай для пастаноўкі дыягназу, не ёсць падставай для таго, каб выконваць гэтыя рэкамендацыі як тэрапію», – распавядае Уладзімір Свіркоў.

«еЗдароўе» – дабрачынны праект. Пацыенты робяць ахвяраванні на ўласнае жаданне. Усе сродкі ідуць медыкам, якія працуюць у праекце, а таксама наўпрост медычным спецыялістам, якім патрэбная дапамога. Гэтым займаецца Беларускі фонд медычнай салідарнасці. І хоць цяпер стваральнікі праекту працуюць над яго камерцыялізацыяй, для беларусаў усё застанецца на тых жа ўмовах.

«Мы вельмі хочам праз вось гэтую прамую аплату працы доктара стварыць экасістэму, пры якой доктар у Беларусі, калі яго праз ягоныя палітычныя погляды выганяць і, як у нас звычайна робяць: «Мы цябе звольнім так, што цябе больш нідзе на працу не возьмуць…» Вось мы вельмі хочам, каб гэтае «нідзе больш на працу не возьмуць» больш не спрацоўвала. Каб лекар разумеў, што ён сваім розумам і талентам можа зарабляць на ўласнае жыццё без праблемаў», – кажа праграміст і адзін са стваральнікаў праекту Павел Лібер.

Праект увесь час развіваецца. Напрыклад, цяпер на сайце дасяжныя медкарткі, у якіх прапісаныя ўсе медычныя звесткі пацыента. Яны могуць прыдацца на прыёме ў лекара офлайн. Каркі перакладаюцца на 110 моваў. То бок лекар амаль што ў любой кропцы свету зможа без праблемаў прачытаць анамнез на сваёй мове.

Бліжэйшым часам шэраг паслуг яшчэ пашырыцца, кажуць стваральнікі праекту. А неўзабаве «еЗдароўе» выйдзе ў офлайн.

Надзея Бельская, «Белсат»