Ці падарвуць акупанты Запарожскую АЭС?


Расейскія спецыялісты, якіх акупанты прывезлі на Запарожскую АЭС, пакідаюць станцыю. Разам з імі з’язджаюць украінцы, што пагадзіліся працаваць на Расею. Пра гэта з трывогай кажа ўкраінская выведка. Мяркуецца, што расейцы могуць падарваць станцыю, як падарвалі Кахоўскую ГЭС. Ці верагодны такі сцэнарый і якія могуць быць яго наступствы?

Запарожскую АЭС пакідаюць расейскія спецыялісты і ўкраінскія працаўнікі-калабаранты, паведамляе ўкраінская выведка. Няўжо рыхтуюцца да адыходу расейскіх войскаў? Нагадаем: летась яны такім манерам пакінулі Чарнобыльскую АЭС.

«Пакуль не будзе перарваная другая лінія абароны – напрыклад, не будуць вызваленыя Васілеўка, Мыхайліўка, Днепраруднае – казаць пра пагрозу для акупантаў у зоне Энэргадару і Запарожскай АЭС пакуль не выпадае», – кажа Аляксандр Каваленка, ваенны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў».

У Кіеве асцерагаюцца падрыву Запарожскай АЭС. Масква гэткія намеры адмаўляе. Акупанты могуць падарваць Запарожскую АЭС пры цяжкой для іх сітуацыі на фронце, дапускае Аляксандр Каваленка.

«Для расейскіх акупантаў можа быць важным прыпыніць прасоўванне ЗСУ на Мелітопаль, што месціцца агулам за межамі зоны паражэння ў выпадку тэракту ў Энэргадары», – распавядае Аляксандр Каваленка.

Акупанты замінавалі сажалку з вадой для ахалоджвання рэактараў, кажа ўкраінская выведка. Пагроза ўзнікне пры пашкоджанні шлюзаў, мяркуе Дзмітрый Гарчакоў, эксперт у ядравай энергетыцы.

«Тут розныя сцэнары. У найгоршым выпадку парушыцца сістэма ахалоджання. Ёсць альтэрнатыўныя крыніцы, але калі яны не спрацуюць, можа запусціцца фукусімскі сцэнар», – мяркуе Дзмітрый Гарчакоў.

Але рэактары ЗАЭС спыненыя. Таму грэцца да небяспечнай тэмпературы яны будуць днямі ці нават тыднямі, кажа эксперт. Гэта дае час для ліквідацыі пагрозы. Горш, калі выбухоўкай або абстрэлам пашкодзяць самі энергаблокі.

«Усе рэактары на ЗАЭС закрытыя бетонным кантэйнерам. Калі ён не пашкоджаны, то многія сцэнары скончацца тым, што вонкі нічога не выйдзе. Калі ж кантэйнер пашкоджаны – магчымая буйная ядравая аварыя», – кажа Дзмітрый Гарчакоў.

Паводле эксперта, у залежнасці ад маштабу катастрофы пляма радыяцыі можа накрыць не толькі ўкраінскія тэрыторыі, але, напрыклад, поўдзень Расеі і Турцыю.

Валянцін Васіленка, «Белсат»