Спроба канчаткова перапісаць беларускую гісторыю?


Адзіныя падыходы да гісторыі Расеі і Беларусі. Расейскае агенцтва ТАСС сцвярджае, што ў яе распараджэнні ёсць копія дакументу, дзе так званы Савет Рэспублікі і расейскі Савет Федэрацыі пастанавілі: «Рэкамендаваць ураду РФ і ўраду Рэспублікі Беларусь распрацаваць агульны навукова абгрунтаваны гістарычны стандарт, які змяшчае канцэптуальныя ацэнкі гістарычных падзей і асобаў, а таксама адзіныя падыходы да выкладання гісторыі».

Пачалося гэта не сёння. Падрабязней яшчэ ў пачатку чэрвеня на гэты конт выказваўся міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў. Маўляў, трэба зрабіць агульныя падручнікі і метадычкі, бо:

«Сёння калектыўны Захад не пакідае спробаў цынічнай фальсіфікацыі гісторыі. Перапісваюцца падручнікі, скажаюцца і перакручваюцца факты, зносяцца помнікі. Мэта відавочная – пасеяць міжнацыянальную і міжканфесійную варожасць, распаліць моўны шавінізм, пасварыць нашыя брацкія народы ў разліку не дапусціць далейшага ўмацавання Саюзнай дзяржавы».

Ці сапраўды гэта так? І ці магчымае ўвогуле бачанне агульнай гісторыі Беларусі і Расеі? Гісторык Сяржук Герасімовіч сцвярджае, што не. Бо ледзь не кожнае стагоддзе паміж беларусамі і расейцамі былі войны і паўстанні, беларускія землі былі пад акупацыяй Расейскай імперыі.

«Атрымоўваецца – усе нашыя нацыянальныя героі, усе нашыя міфы – будзе весціся спроба іх неяк прыбраць, а гэта немагчыма. Бо калі гістарычныя дакументы мы будзем чытаць – мы будзем даведвацца там пра Францыска Скарыну, пра тое, дзе беларусы былі першымі», – кажа гісторык-кампаратывіст Сяржук Герасімовіч.

Прыклады новых спробаў перапісвання гісторыі ўжо ёсць.

«Савецкае пакаленне вырасла на прыкладзе гераічнай барацьбы рэвалюцыянера Каліноўскага з царызмам. А сёння на асобе гэтага так званага героя, на прыкладзе яго барацьбы за ідэю аднаўлення польскай Рэчы Паспалітай гуляе знешні вораг, спрабуючы ўбіць клін паміж брацкімі народамі, раскалоць грамадства ўнутры адной краіны», – заявіў кіраўнік лукашэнкаўская адміністрацыі Ігар Сергеенка.

Фільмы таксама плануюць рабіць. Дарэчы, «Беларусьфільм» ужо здымае адпаведныя гістарычныя стужкі пра гаротнае становішча беларусаў у складзе Польшчы.

«На аснове афіцыёзу стварыць гэтыя канкурэнтаздольныя культурныя прадукты – вельмі складана, калі ўвогуле магчыма. Гэта можна для справаздач вядома, для таго каб паказаць сваю дзейнасць, асвоіць бюджэт. Кагосьці там сагнаць на гэты прагляд, каб паставіць птушачкі», – упэўнены гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Тым не менш, нашыя суразмоўцы пагаджаюцца, што найперш слаба падкаваная ў гістарычным плане частка насельніцтва Беларусі можа прыняць гэтыя наратывы.

«Рэальна мы павінныя разумець, што гэта, як і пра іншае калі гавораць, напрыклад, пра адзіную валюту – гэта значыць пераход на расейскі рубель, калі пра гарманізацыю заканадаўства – значыць будзе ўводзіцца расейскае заканадаўства, а не будуць там нейкі гібрыд рабіць расейскага і беларускага. Так і тут», – дадае Аляксандр Пашкевіч.

«Увогуле тое, што адбываецца, на мой погляд, ёсць агонія гэтай савецкай сістэмы. Такая спроба рэанімацыі – замена імперскага, імперскага савецкага наратыву імперскім расейскім. Ці пусціць гэта карані ў свядомасці нашых грамадзянаў – гэта ўсё залежыць ад часу. Усё залежыць ад таго, як хутка ўсё будзе развівацца і як хутка скончыцца вайна ва Украіне», – выказвае думку Сяржук Герасімовіч.

Супрацьстаяць навязванню можна і цяпер, лічаць нашыя суразмоўцы. Найперш – ствараць канкурэнтаздольныя прадукты і каналы ды трансляваць праз іх нацыянальныя каштоўнасці.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»