Беларусаў заставяць прымусова працаваць


Прыняты ў першым чытанні законапраект «Аб змяненні кодэксаў у пытаннях выканання пакаранняў», сярод іншага, рэгулюе нормы так званага прэвентыўнага нагляду – то бок абмежаванняў, што могуць быць накладзеныя на асуджанага паводле крымінальнага артыкулу пасля выхаду з турмы або калоніі.

У гэтым выпадку адпачыць, паправіць здароўе або спакойна пашукаць новай працы – не дадуць. Рэжым абавяжа вас тэрмінова ўладкавацца на працу.

«Могуць быць такія сітуацыі, калі людзей будуць змушаць працаваць не па спецыяльнасці, не па прафесіі, а на больш нізкіх спецыяльнасцях, пасадах і ў іншых сферах. Я такога не выключаю», – юрыст «Human Rights Impact» Раман Кісляк.

Выключэнні зрабілі толькі для пенсіянераў, цяжарных, інвалідаў першай і другой групаў. Закон лабіяваў асабіста Іван Кубракоў. Матывацыя ў так званага міністра ўнутраных справаў наступная: «Каля 70% рэцыдыўных злачынстваў здзяйсняюцца асобамі, не занятымі ў эканоміцы, з іх каля 14% прыпадае на долю судзімых, за якімі ўстаноўлены прэвентыўны нагляд. У сувязі з гэтым прапануецца замацаваць у Крымінальным кодэксе дадатковае патрабаванне аб працаўладкаванні для асоб, за якімі ўстаноўлены прэвентыўны нагляд».

Сапраўдная ж мэта зусім у іншым: «Для мяне, напрыклад, як для праўніка відавочна, што гэты акт, яго мэта прызначаная для таго, каб ажыццяўляць палітычны пераслед тых, хто выступае супраць улады Лукашэнкі», – упэўнены юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк.

А як новы закон суадносіцца з заканадаўствам Беларусі? Звернемся да Канстытуцыі, вось што кажа артыкул 41:«Прымусовая праца забараняецца, акрамя работы або службы на падставе судовай пастановы або ў адпаведнасці з законамі аб надзвычайным і ваенным становішчы»

Пра тое, што кожны выпадак будзе рэгулявацца асобнай судовай пастановаю, Кубракоў нічога не ўзгадаў. Праваабаронца Раман Кісляк упэўнены, што гэта – парушэнне Канстытуцыі.

«Безумоўна гэта прымусовая праца, яна незаконная з пункту гледжання міжнароднага права, з пункту гледжання правоў чалавека. Фармальна працэдура абскарджання ёсць… Як гэта будзе на практыцы працаваць – не ведаю. Баюся, што вельмі складана. У нас унутры працэдуры не працуюць ужо для людзей», – дадае Раман Кісляк.

Змены ў кодэксе абяцаюць таксама, што ў турмах ды калоніях у зняволеных з’явіцца больш магчымасцяў для навучання, творчасці і заняткаў спортам, лекавання. Ці сапраўды гэта будзе працаваць на чалавека ў цяперашняй Беларусі?

«Яны ствараюць дзяржаву ў дзяржаве. Там будзе ўсё: ад гульнявых пляцовак для дзяцей, маці якіх у зняволенні, да рэабілітацыйных цэнтраў псіхалагічнай дапамогі. На ўсё што ўнутры – вельмі цяжка паглядзець. Раней людзей вывозілі там да іншых несістэмных спецыялістаў. Калі ўнутры сістэмы, то прасцей адміністрацыі на іх ціснуць», – упэўнены Раман Кісляк.

З іншых новаўвядзенняў закону – цяпер пад варту вас змогуць узяць і да пастановы аб замене дзейнага пакарання больш строгім. Таксама ў турмы і калоніі прыцягнуць прапагандыстаў ды ідэолагаў, каб выхоўваць зняволеных.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»