Вольга Павук: «Сістэма адукацыі ўсё менш нагадвае адукацыю. Гэта цяпер ідэалагічная сістэма»


У Беларусі працягваецца цэнтральнае тэставанне. Сёння абітурыенты арганізавана выпрабоўвалі свае сілы ў фізіцы. Тым часам падаспелі і першыя вынікі па іншых прадметах, тэставанне ў якіх ужо завершылася.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Выдатнікаў стала больш – гэта, бадай, адзіны пазітыўны вынік сёлетняга цэнтральнага тэставання па беларускай мове. 67 абітурыентаў атрымалі максімальныя 100 балаў. Дзеля параўнання, летась было толькі 40. Штопраўда, нават 67 выдатнікаў на больш як 18 тысяч абітурыентаў, якія здавалі тэст, – лічба не надта грандыёзная. Няўжо ж гэта максімум, які можа прадэманстраваць айчынная адукацыя сёння?

«Свабодныя і смелыя настаўнікі, як правіла, звольненыя. І можна сказаць, што сістэма адукацыі ўсё менш нагадвае адукацыю. Гэта цяпер ідэалагічная сістэма», – кажа былая настаўніца Вольга Павук.

Былая настаўніца Вольга Павук, якая, дарэчы, праз палітычны пераслед на радзіме была вымушаная з’ехаць за мяжу, дадае: калі дзяржава не пільнуе ўзроўню адукацыі, гэты абавязак кладзецца на плечы грамадства.

«Белсат» запытаўся ў беларусаў, як ім узровень айчыннай адукацыі.

«Сучасная сістэма адукацыі стварае бяздумных спажыўцоў прадукту. І не істотна, які гэта прадукт: каўбаса, палітычная сітуацыя, інтэрнэт-смецце. Галоўнае – каб у часе спажывання не задавалі лішніх пытанняў. Таму, калі надыдзе час у Беларусі, будзе вельмі складана стварыць грамадзянскую супольнасць», – піша глядач з нікнэймам «Валентин Лебедь».

«Навучальныя праграмы ў большасці дысцыплінаў перагружаныя, складзеныя бяздумна. Падручнікі напісаныя складана, што адбівае ахвоту вучыцца. Узровень пісьменнасці настаўнікаў знізіўся. У выніку ўзровень адукаванасці і пісьменнасці грамадства пастаянна зніжаецца», – піша глядачка з нікнэймам «Liudmila».

«Нізкія заробкі настаўнікаў – адпаведна, нізкі конкурс пры паступленні і нізкі ўзровень ведаў абітурыентаў (мой аднакласнік з 18 баламі ЦТ па матэматыцы паступіў на настаўніка матэматыкі/фізікі) – атрымліваем нізкі ўзровень выкладання ў школе…», – піша глядач з нікнэймам «Евгений Устюгов».

Дарэчы, тэставанне па расейскай мове ўжо традыцыйна праходзіць нашмат больш абітурыентаў, чым па роднай мове. Сёлета гэткіх было больш за 50 тысячаў. А вось выдатнікаў выявілася ўсяго 43. У выніку прапарцыйна поспехі беларускамоўных абітурыентаў выглядаюць яшчэ лепш. З аднаго боку, гэта дзіўна, улічваючы татальную русіфікацыю ў краіне, кажа былая настаўніца Вольга Павук. Аднак, з другога боку, дадае экспертка, ёсць і свая заканамернасць. Гэтак, беларускамоўныя навучэнцы мусяць прыкласці больш намаганняў для атрымання ведаў на роднай мове, а таму больш матываваныя для атрымання добрай адукацыі.

«У Беларусі татальная русіфікацыя. Таму гэта нармальна, што большасць выпускнікоў зарэгістравалася на расейскамоўныя іспыты. Але ж таксама гэта і сегмент усіх навучэнцаў, нават тых, хто не збіраецца вельмі старацца, каб трапіць у ВНУ», – кажа Вольга Павук.

А ўжо 2 ліпеня абітурыенты спраўдзяць свае веды па гісторыі Беларусі. У афіцыйны Год гістарычнай памяці і на тле вайны ўладаў з уласнымі грамадзянамі вынікі тэставання набываюць дадатковы сімвалізм.

Валера Руселік, «Белсат»