Віктар Ягун: «Мы цалкам адсунулі расейцаў ад нашых берагоў»


«Цяпер на Змяіным пажар і гукі выбухаў», – такім паведамленнем украінскае аператыўнае камандаванне «Поўдзень» пачало раніцу чацвярга. У выніку ўдараў украінцаў на востраве быў знішчаны апошні зенітна-ракетны комплекс «Панцыр-С1», і гэта пакінула расейскі вайсковы кантынгент без якой-кольвек СПА. Услед за гэтым прагучала «міралюбная» заява расейскага Мінабароны пра крок добрай волі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мяркуючы з заявы ўкраінскага боку гэтаму кроку добрай волі паспрыяла знішчэнне дзвюх расейскіх гаўбіцаў «Мста-Б» і «Мста-С», трох адзінак тэхнікі, а таксама ёмістасцяў з палівам і мазутам. Таксама эксперты кажуць, што сітуацыю трэба разглядаць разам з ракетным паражэннем газавых вышак у паўночна-заходняй частцы Чорнага мора, якое папярэднічала вызваленню Змяінага. Вайсковы эксперт Віктар Ягун кажа:

«Па-першае, мы вызвалілі апошнюю кропку Адэскай вобласці. Па-другое, мы цалкам адсунулі расейцаў ад нашых берагоў і ад таго маршруту, па якім сапраўды можна вывозіць збожжа».

Нельга ў гэтай сітуацыі не спыніцца асобна і на самой заяве Мінабароны Расеі аб завяршэнні выканання задачаў на востраве Змяіны.

Журналісты расейскага выдання «Праект» даследавалі заявы абароннага ведамства аб вайсковых поспехах з самага пачатку ўварвання ва Украіну. Як адзін са шматлікіх прыкладаў мы прывядзем справаздачы аб перамогах над украінскімі ваенна-паветранымі сіламі.

Гэта Канашэнкаў заяўляў яшчэ на пачатку вайны. Цяпер паглядзім на лічбы ягонага брыфінгу ад 26 чэрвеня. Згодна з актуальнай версіяй Мінабароны Расеі, усяго збілі 215 украінскіх самалётаў. Але ж ва Украіны да вайны іх было толькі 98, новыя пастаўкі афіцыйна не пацвярджаліся і нават з улікам небаявых украінскіх машынаў (выключаючы грамадзянскую авіяцыю) у суме гэта магло быць усяго 199 самалётаў. З беспілотнікамі «Байрактар» гэтак жа – нібыта збілі 84 адзінкі, але згодна з публічнымі звесткамі ўкраінскае войска атрымала на сённяшні дзень усяго 62 «Байрактары».

Падобная сітуацыя ў Канашэнкава і з іншымі складнікамі Збройных сілаў Украіны, а таксама з неаднаразовымі справаздачамі аб узяцці адных і тых жа населеных пунктаў. Якім чынам Украіна працягвае ваяваць, контратакаваць і вяртаць свае тэрыторыі і як заяўленыя страты ўкраінскай ваеннай тэхнікі перавысілі яе наяўнасць, застаецца пакуль неразгаданай загадкай Мінабароны Расеі. Вайсковы эксперт Ігар Леўчанка кажа:

«Я лічу, што гэта ўсё ж такі ўнутраная прапаганда, накіраваная на ўнутранае спажыванне, у першую чаргу для тых катэгорыяў насельніцтва, якія не імкнуцца шукаць нейкай альтэрнатыўнай інфармацыі».

Цяпер жа на чарговыя «поспехі» расейскай арміі на востраве Змяіны тая самая ўнутраная аўдыторыя адрэагавала ў сацыяльных сетках рэагуе абурэннем.

24 лютага, у першы дзень уварвання, украінскія памежнікі паведамілі, што востраў Змяіны атакуюць расейскія ваенныя караблі. У той атацы ўдзельнічаў крэйсер «Масква». Пра лёс карабля і яго экіпажа расейскія ўлады потым паведамлялі ў туманных выразах, сваякі маракоў дагэтуль беспаспяхова дамагаюцца праўды. Украіна заявіла, што крэйсер быў затоплены пасля ўдару ракеты.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»