Беларуская дзяржава – не суб‘ект.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Прэзідэнт Латвіі Эгілс Лэвітс падчас выхаду да прэсы на саміце NATO, адказваючы на пытанне «Белсату», зрабіў рэзкую заяву:
«Што датычыць рэжыму Лукашэнкі, мы можам сказаць, што Беларусь больш не незалежная краіна. Беларусь і Расея рэпрэзентуюць адную і тую ж пагрозу. Таму мы мусім уключыць у нашае стаўленне да Расеі таксама і Беларусь».
Падобна і прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі Гітанас Наўседа зазначыў, што пасля 2020-га рэжым Лукашэнкі цалкам трапіў пад кантроль Крамля, і згадаў яго гібрыдную атаку з удзелам мігрантаў, якая распачалася летась:
«Вы чулі таксама навіны пра магчымае размяшчэнне ракетных комплексаў “Іскандэр” у Беларусі. Мы мусім гаварыць пра адказнасць дзвюх краінаў за вайну ва Украіне і напружанне ў рэгіёне і ўводзіць санкцыі супраць абедзвюх краінаў».
А пакуль кіраўнікі краінаў NATO сустракаліся ў Мадрыдзе, Лукашэнка з ліслівым кампліментам, «прыемна сустрэцца з галоўным дыпламатам свету», пры маў міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова на трыццацігоддзе наладжвання дыпламатычных стасункаў з усходнім суседам. І спрабаваў давесці, што незалежнасць Беларусі трэба захаваць:
«Думаю, вы гэтую ідэю падтрымаеце, упэўнены, што падтрымаеце. Мы не настолькі дурныя, каб кагосьці інкарпараваць, як там кажуць на Захадзе, або ўключаць у склад ці то Расеі ў Беларусь, ці то Беларусі ў Расею».
Маскоўскі госць на гэтыя словы толькі ўсміхаецца.
«Лукашэнка ініцыятыўна канстатуе ў публічнай прасторы факт рэальнай пагрозы інкарпарацыі Беларусі праз сваё выступленне падчас сустрэчы з Лаўровым. Мы фактычна канстатуем, што Беларусь знаходзіцца ўжо ў стане фактычнай вайсковай акупацыі Расейскай Федэрацыяй», – зазначае дыпламат, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
Узурпатар усяляк спрабуе гэта абвергнуць, але ў той самай прамове просіць Расею трымаць ядравую зброю напагатове, а таксама не абыходзіць тэмы пагрозаў Літве:
«Усе крычаць пра нейкі Сувалкаўскі калідор. Слухайце, мы з вамі пра гэта не гаворым, а яны што, намякаюць? У нас дастаткова з Расеяй сілаў і сродкаў, каб даставіць грузы ў Калінінград. Без усялякіх войнаў і напружанняў. Мы з Пуціным Уладзімірам Уладзіміравічам сур’ёзна абмяркоўвалі гэтыя пытанні».
Палітолаг Валер Карбалевіч звяртае ўвагу:
«Гэтая рыторыка супярэчыць першаму мэсэджу, пра які мы казалі, пра тое, што Беларусь – суверэнная краіна. Ну і як гэта звычайна, калі ў стылі Лукашэнкі розныя мэсіджы супярэчаць адзін аднаму».
Паводле ж Паўла Латушкі, Пуцін падчас апошняй сустрэчы ціснуў на Лукашэнку, каб аформіць мацнейшую палітычную інтэграцыю Беларусі з Расеяй:
«Паводле нашых звестак, таксама абмяркоўваецца пытанне стварэння супольнай арміі, што для Пуціна прынцыпова важна. Хоць сёння мы павінныя канстатаваць: фактычна беларуская армія ёсць часткай камандавання Заходняй ваеннай акругі РФ, бо яна зноў-такі выконвае задачы, якія адпавядаюць інтарэсам Крамля».
На фоне нечуваных рэпрэсіяў супраць беларусаў у нашую краіну працягваецца расейскі палітычны дэсант. Сёння ў Горадні, дзе ў 2020-м на вуліцах былі дзясяткі тысячаў пратэстоўцаў, праходзіць Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі. Што праўда, ані Пуцін, ані Лукашэнка туды не паехалі. А раніцай з’явілася фальшывае паведамленне пра мініраванне гарадзенскага аўтавакзалу.
Вітаўт Сіўчык, «Белсат»