«Я пачала прасіць Бога, каб я заснула і не прачнулася». Пра што пішуць палітвязні з-за кратаў


Завадскі суд Менску вынес абвінаваўчы прысуд жыхарцы сталіцы Вользе Сінялёвай за тое, што яна адмовілася здаваць сваю кватэру памочніцы пракурора Аліне Касьянчык. Суддзя Анжэла Касцюкевіч пакарала маці двух дзяцей 2 гадамі гэтак званай хатняй хіміі, паводле артыкулу 190 Крымінальнага кодэксу «Парушэнне раўнапраўя грамадзянаў».

«Артыкул 190 – ён з’яўляецца ў нас такім мёртвым артыкулам. І, напэўна, мала хто з калегаў можа згадаць, каб ён калісьці ўжываўся на практыцы. Маё меркаванне, што гэта такая асабістая помста грамадзянкі Касьянчык, якая карыстаецца сваім службовым становішчам і здолела арганізаваць распачынанне гэтай крымінальнай справы без якіх-небудзь доказаў», – мяркуе адвакат Вольгі Андрэй Мачалаў.

Як сцвярджаюць праваабаронцы, канфлікту паміж абвінавачванай і пацярпелай не было. Аліна Касьянчык самая напісала заяву на скасаванне дамовы арэнды, а праз 2 тыдні пайшла ў міліцыю пісаць заяву на Вольгу Сінялёву. Памочніца пракурора Аліна Касьянчык вядомая сваім удзелам у гучных палітычных справах. Яна выступала абвінаваўцаю ў справе нашых каляжанак Дарʼі Чульцовай і Кацярыны Андрэевай, якіх асудзілі на 2 гады калоніі.

«Я мяркую, што яна скарысталася сваім рабочым становішчам. Яна незвычайны чалавек – яна памочнік пракурора. Таму ўсё гэта так і здарылася», – мяркуе сама Вольга.

А старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова вінавацяць у «выдаванні звестак папярэдняга расследавання». Яму пагражае штраф альбо арышт да 6 месяцаў. Але сам Мікалай кажа, што падчас допытаў у справе Каардынацыйнай рады падпіскі аб неразгалошванні ён так і не падпісаў, таму не разумее, што яму інкрымінуюць.

«Я толькі падпісаў, што я азнаёмлены з артыкулам 407. І я лічу, што ў тым, што я кажу, я абсалютна не выходжу за рамкі закону. І па-першае – мне не падавалі ніякіх звестак сакрэтных, а па-другое – нічога сакрэтнага я не выдаў», – сцвярджае Мікалай Казлоў.

Працягваюць ціснуць і на палітвязняў. Блогерка Вольга Такарчук, якую абвінавачваюць адразу паводле трох крымінальных артыкулаў, скардзіцца на кепскі стан здароўя. Бацькі Вольгі кажуць, што раней яе змясцілі ў карцар, пасля чаго яна абвесціла сямідзённую галадоўку.

«Карцар – самая страшная рэч за ўсё маё жыццё. Гэта нават апісаць немагчыма. Гэта горш за катаванні. Я да гэтага часу не разумею, як я вытрымала. Уздрыгваю ад кожнага гуку, засаўкі, дзвярэй, камеры. Перад сном я пачала прасіць Бога, каб я заснула і не прачнулася», – піша ў адным з лістоў Вольга Такарчук.

Пагоршыўся стан здароўя і ў арыштаванай старшыні Саюзу палякаў Анджэлікі Борыс. У жанчыны абвастрыліся хранічныя хваробы і з’явіліся праблемы з зубамі. Таксама выявілася, што Анджэліка Борыс усё ж такі пагадзілася з’ехаць у Польшчу, але ўлады стрымліваюць працэс і спрабуюць шантажаваць праз гэта ейнага калегу журналіста Анджэя Пачобута.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»