Не да параду?


Вайсковы парад 3 ліпеня не адбудзецца ў Менску ўпершыню за дваццаць два гады. Хоць пра адмену афіцыйна не паведамлялі, але параду ў афіцыйным анонсе падзеяў і раскладзе трансляцыяў дзяржаўнага тэлебачання няма.

Святкаваць Дзень незалежнасці 3 ліпеня, у дзень вызвалення Менску ад нямецкіх войскаў, у Беларусі пачалі пасля рэферэндуму ў лістападзе 1996 года.

3 ліпеня 1997 года на плошчы Незалежнасці адбыўся першы вайсковы парад. Следам за пешымі вайсковымі разлікамі і бранятэхнікаю ішлі калонны гімнастаў і спартоўцаў – элемент, які станецца традыцыйным для вайсковых парадаў Лукашэнкі.

«Беларускія ўлады, як і расейскі рэжым, звяртаюцца да гісторыі, бяруць нейкія слаўныя, як яны кажуць, старонкі гісторыі (хоць насамрэч гэта трагічныя старонкі, вельмі неадназначныя) і гэты здабытак Вялікай Перамогі (зноў жа гэта іх рыторыка) выкарыстоўваюць для таго, каб, груба кажучы, прыстаканіцца да гэтай перамогі і паказаць сябе наўпроставымі яе нашчадкамі», – тлумачыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

З умацаваннем рэжыму Лукашэнкі вайсковыя парады набывалі ўсё большы размах. Публіцы дэманстравалі новыя мадэлі вайсковай тэхнікі, разам з беларускімі маршыравалі вайскоўцы краінаў-саюзніц, а да калонаў спартоўцаў дадаліся платформы з дасягненнямі айчынай гаспадаркі і знакамітая «Беларуская ваза», упершыню паказаная ў 1937 годзе на парадзе ў Маскве.

Аднак разам з маштабамі ўзрастала і незадаволенасць звычайных грамадзянаў гэткім святкаваннем. Большасць менчукоў традыцыйна пакідалі сталіцу ў першыя ліпеньскія дні, а сапсаваны асфальт яшчэ доўга нагадваў пра вайсковую імпрэзу. Былі пытанні і да рацыянальнасці выдаткавання на парад не малых сродкаў з дзяржаўнага бюджэту.

«У нас выдаткі лічацца непасрэдна толькі вайсковага ведамства, а на захадзе лічаць комплексна, усе выдаткі: і шкоду навакольнаму асяроддзю і сапсаваную інфраструктуру. Калі лічыць так, як лічаць у нас, то выходзіць каля 300 – 500 тысячаў долараў. Калі так, як лічаць на захадзе – то парад абыходзіцца да двух мільёнаў долараў», – ацэньвае выдаткі вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Але прычынаю сёлетняй адмены параду адмыслоўцы бачаць далёка не эканомію дзяржаўных сродкаў:

«Увесну, калі дзяржаўныя медыі трубілі пра раскрыццё так званай «змовы» супраць правадыра рэжыму, то, у прыватнасці, агучвалася і такая інфармацыя, што гэтыя «змоўшчыкі» хацелі менавіта пад час параду ажыццявіць замах. Магчыма дзесьці наверсе самі ў гэта паверылі і сапраўды засцерагаюцца такой небяспекі», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Іншыя элементы святкавання 3 ліпеня ў гэтым годзе зменаў не зазнаюць. Ахвочых чакаюць выязны гандаль, канцэрт беларускіх выканаўцаў і вечаровы салют.

Алесь Баразенка, «Белсат»